Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 6 2-я Хронікаў 6 раздзел

1 Тады прамовіў Саламон: «Госпад сказаў, што будзе жыць у імгле;
2 а я пабудаваў дом на пражыванне Табе, каб абжыўся Ты там навек».
3 І павярнуў цар твар свой, і дабраславіў усю супольнасць Ізраэля, — бо ўся супольнасць стаяла, чакаючы,
4 і сказаў: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, Божа Ізраэля, Ты бо сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і на справе выканаў. Ты сказаў:
5 “Ад таго дня, у якім вывеў Я народ мой з зямлі Егіпецкай, не выбраў я з усіх пакаленняў Ізраэля іншага горада для пабудавання дома, каб імя Маё ў ім прабывала, ды не выбраў нікога іншага, каб быў кіраўніком народа Майго Ізраэля,
6 але выбраў Я Ерузалім, каб прабывала імя Маё ў ім, ды выбраў Я Давіда, каб паставіць яго над народам Маім Ізраэлем”.
7 І калі бацька мой, Давід, хацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля,
8 сказаў Госпад яму: “Калі такая была воля твая, каб пабудаваць дом імю Майму, добра, што ты маеш такую волю,
9 але не ты пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”.
10 Такім чынам, выканаў затым Госпад прамову Сваю, якую сказаў, і я ўстаў па бацьку сваім, Давідзе, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, дый пабудаваў дом імю Госпада, Бога Ізраэля;
11 ды змясціў у ім каўчэг, у якім знаходзіцца прымірэнне Госпада, якое заключыў Ён з сынамі Ізраэля».
12 Такім чынам, стаў ён перад ахвярнікам Госпада насупраць усёй супольнасці ізраэльскай і выцягнуў рукі свае.
13 Зрабіў бо Саламон меднае падножжа і памясціў яго пасярод панадворка, а мела яно пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў шырыні, і тры локці вышыні, і стаў на яго; і затым, калі ўся супольнасць Ізраэля ўкленчыла і ўзняла рукі ў неба,
14 ён сказаў: «Госпадзе, Божа Ізраэля, няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць з паслугачамі Тваімі, якія ходзяць перад Табою са шчырым сэрцам сваім,
15 Ты даў паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, усё, што толькі сказаў яму, ды тое, што вуснамі прырок, на справе выканаў, як і сённяшні час пацвярджае.
16 Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, стрымай абяцанне паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, што яму даў, кажучы: “Не будзеш ты пазбаўлены нашчадка перада Мною, які мае сядзець на пасадзе Ізраэля, але толькі тады, калі сыны твае будуць пільнаваць дарогі свае і трымацца закону Майго, як і ты спраўляўся перада Мною”.
17 Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай здзейсніцца слова Тваё, якое Ты сказаў паслугачу Твайму Давіду!
18 Ці ж можна паверыць, што Бог будзе жыць на зямлі разам з людзьмі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Цябе ахапіць, то тым болей дом гэты, які я пабудаваў!
19 Але заўваж прамову паслугача Твайго і мальбу яго, Госпадзе, Божа мой, ды выслухай покліч і просьбы, якія выявіў паслугач Твой перад Табою,
20 каб вочы Твае днём і ноччу глядзелі на дом гэты, на месца, якое Ты выбраў, каб пакінуць імя Тваё і каб выслухаць мальбу, якую паслугач Твой вымаўляе там.
21 Ды выслухай просьбы паслугача Твайго і народа Твайго Ізраэля, калі будуць маліцца на гэтым месцы; пачуй з жытла Твайго, з неба — выслухай і будзь літасцівы!
22 Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, і той пакліча яго да прысягі, каб ён прысягнуў перад абліччам Твайго ахвярніка ў гэтым доме, —
23 тады выслухай Ты з неба і зрабі суд над паслугачамі Тваімі, каб павярнуць ліха ліхога чалавека на яго ўласную галаву і каб адпомсціць за справядлівага чалавека, адплачваючы яму за яго справядлівасць.
24 Калі народ Твой, Ізраэль, спасцігне паражэнне ад непрыяцеляў дзеля таго, што зграшыў Табе, і яны навернуцца ды будуць славіць імя Тваё, і ўмаляць, і прасіць у гэтай святыні,
25 то Ты выслухай у небе і даруй грэх Твайго народа, Ізраэля, ды прывядзі іх зноў у край, які Ты даў ім і бацькам іх.
26 Калі зачыніцца неба і не будзе дажджу дзеля грахоў народа ды калі яны будуць прасіць Цябе ў гэтым месцы, і будуць прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, калі іх упакорыш, —
27 выслухай іх з неба, Госпадзе, ды адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго Ізраэля, навучы іх добрай дарозе, якою хай ідуць, і дай дождж зямлі, якую даў Ты народу Твайму ва ўласнасць.
28 Калі ўзнікне голад, і пошасць на зямлі, іржа і засуха, і саранча, і чэрві ды ворагі, знішчыўшы ваколіцы, асадзяць яе брамы, і ўсякая хвароба і немач будуць прыціскаць,
29 і калі хто з народа Твайго Ізраэля будзе прасіць, прызнаючы кару і немач сваю, ды выцягне рукі свае да гэтага дома, —
30 Ты выслухай з неба з месца прабывання Твайго, ды пашкадуй і аддай кожнаму па яго ўчынках, бо ведаеш сэрца яго; бо Ты адзіны, Хто ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,
31 дык хай баяцца Цябе і ходзяць дарогамі Тваімі ва ўсе дні, у якія жывуць на паверхні зямлі, якую даў Ты бацькам нашым.
32 Таксама чужынца, які не належыць да народа Твайго ізраэльскага, калі прыйдзе ён з далёкага краю дзеля вялікага імя Твайго і дзеля рукі Тваёй магутнай ды рукі Тваёй выцягнутай і калі ён будзе маліцца ў гэтым месцы,
33 выслухай Ты яго ў небе, самым трывалым месцы прабывання Твайго, і зрабі ўсё, дзеля чаго будзе прызываць Цябе той вандроўнік; хай пазнаюць усе народы на зямлі імя Тваё, ды хай баяцца Цябе, як народ Твой Ізраэль, і хай пазнаюць, што імя Тваё прызвана над гэтым домам, які я пабудаваў.
34 Калі народ Твой выйдзе ў бой са сваімі непрыяцелямі дарогаю, якою пашлеш іх, ды будзе маліцца да Цябе, да выбранага Табою горада і дома, які збудаваў я для Твайго імя,
35 тады Ты выслухай з неба просьбы іх і мальбу, ды рассудзі іх справядліва.
36 А калі яны зграшаць супраць Цябе — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты загневаешся на іх і аддасі ворагам, і яны іх, як нявольнікаў, павядуць у далёкую або блізкую зямлю,
37 і яны навернуцца сэрцам сваім у той зямлі, у якую былі заведзены, будуць пакутаваць і маліць Цябе ў зямлі няволі сваёй і прызнавацца: “Зграшылі мы, ліха вялі сябе, несправядліва паступалі,” —
38 калі звернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй у зямлі няволі сваёй, у якую былі заведзены, ды будуць умольваць Цябе адносна дарогі свайго жыцця, якую даў Ты бацькам іх, і горада, які выбраў, ды дома, які пабудаваў я імю Твайму,
39 Ты выслухай з неба, з месца прабывання Твайго, іх просьбы і іх маленні і ўчыні суд ды адпусці народу Твайму, які зграшыў Табе;
40 бо Ты Бог мой. Хай адкрываюцца, малю, вочы Твае і хай вушы Твае будуць чуткімі да мальбы, якая ўзносіцца з гэтага месца.
41 Дык цяпер, Госпадзе Божа, устань на месца супакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасці Тваёй: Твае святары, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў збаўленне і хай святыя Твае радуюцца дабром.
42 Госпадзе Божа, не адварочвай аблічча ад Намашчэнца Твайго; памятай пра міласэрнасць да Давіда, паслугача Твайго».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.