Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 11 2-я Хронікаў 11 раздзел

1 Рабаам прыбыў у Ерузалім і склікаў усё пакаленне Юды і Бэньяміна — сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб ваяваць з Ізраэлем і вярнуць сабе сваю ўладу царскую.
2 І прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, кажучы:
3 «Скажы Рабааму, сыну Саламонаву, цару Юдэі ды ўсяму Ізраэлю, які знаходзіцца ў Юдэі і Бэньяміне:
4 “Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых. Хай кожны вернецца ў дом свой, бо гэта з Маёй волі сталася”». Калі яны пачулі слова Госпадава, вярнуліся і не пайшлі супраць Ерабаама.
5 А Рабаам абжыўся ў Ерузаліме ды адбудаваў мураваныя гарады ў Юдэі.
6 І адбудаваў Бэтлехэм, і Этам, і Тэкуа,
7 таксама Бэтсур, і Соху, і Адалам,
8 таксама Гет, і Марэсу, і Зіф,
9 таксама Адурам, і Лахіс, і Азэку,
10 Сараа таксама, і Аялон, і Геброн, гарады вельмі ўмацаваныя, што былі ў Юдэі і Бэньяміне.
11 І калі акружыў іх мурамі, паставіў у іх кіраўнікоў па харчаванні, і па аліўкавым алеі, і па віне.
12 Але і ў кожным такім горадзе ён зрабіў арсенал шчытоў, і дзід, і ўмацаваў іх з найвялікшай пільнасцю, і валадарыў над Юдэяй і Бэньямінам.
13 Святары ж і левіты, якія былі ва ўсім Ізраэлі, прыходзілі да яго з усіх сваіх пасяленняў.
14 Левіты пакідалі свае ваколіцы і ўладанні і пераходзілі да Юдэі і ў Ерузалім, бо Ерабаам і яго нашчадкі адпіхнулі іх ад святарства Госпадава.
15 Ён сам сабе паставіў святароў узгоркаў, і дэманаў, і цялят, якіх зрабіў.
16 А паслядоўнікі левітаў і з усіх пакаленняў Ізраэля, якія аддалі свае сэрцы на пошук Госпада, Бога Ізраэля, прыбывалі ў Ерузалім, каб складаць ахвяры Госпаду, Богу бацькоў сваіх.
17 І тры гады ўмацавалі ўладу Юдэі і ўзмацнілі Рабаама, сына Саламона; бо хадзілі дарогамі Давіда і Саламона толькі тры гады.
18 Ажаніўся ж Рабаам з Махалат, дачкой Ерымота, сына Давіда і Абігайль, дачкі Эліяба, сына Ясэя,
19 якая нарадзіла яму сыноў: Ягуса, і Самарыю, і Заама.
20 Па ёй ажаніўся з Маахай, дачкой Абсалома, якая нарадзіла яму Абію, і Этая, і Зізу, і Саламіта.
21 Любіў жа Рабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніц; меў бо жонак васемнаццаць, а наложніц — шэсцьдзесят. І меў дваццаць восем сыноў і шэсцьдзесят дачок.
22 А на чале ён паставіў Абію, сына Маахі, кіраўніком над братамі сваімі; яго бо думаў зрабіць царом.
23 І сыноў сваіх мудра разаслаў па ўсіх землях Юдэі і Бэньяміна, ва ўсе мураваныя гарады. І даў ім вельмі шмат ежы і знайшоў для іх многа жонак.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 11 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.