Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

2 Хронікаў 3 2-я Хронікаў 3 раздзел

1 І пачаў Саламон будаваць дом Госпаду ў Ерузаліме на гары Морыя, якую паказаў яму Давід, бацька яго, на месцы, якое прыгатаваў Давід, на таку Арнана Евусея.
2 А пачаў будаваць у другім месяцы ў чацвёрты год свайго царавання.
3 І такія памеры, што ўстанавіў Саламон для будавання дома Божага: даўжыні — шэсцьдзесят локцяў па ранейшай меры; шырыні — дваццаць локцяў.
4 А прысенак перад святыняй, які цягнуўся ў даўжыню, меў у шырыню дваццаць локцяў адпаведна шырыні святыні; а ў вышыню меў сто дваццаць локцяў. І ўнутры пазалаціў яго найчысцейшым золатам.
5 Таксама галоўны дом абшыў яловымі дошкамі ды пацягнуў пласцінамі чыстага золата; і зверху аздобіў іх пальмавымі галінамі.
6 Таксама пакрыў падлогу дома найкаштоўнейшым мармурам для аздаблення.
7 А золата было з Парваіма, з пласцін яго пакрыў дом, і бэлькі яго, і вушакі, і сцены, і на сценах выразаў херубінаў.
8 Учыніў таксама святое з святых: даўжыня яго — па шырыні дома — дваццаць локцяў і шырыня таксама дваццаць локцяў; і пакрыў яго пласцінамі найлепшага золата коштам у шэсцьсот талентаў.
9 Вага ж цвікоў была пяцьдзесят сікляў золата. Таксама верхнія пакоі пакрыў золатам.
10 Выразаў таксама ў святым з святых двух херубінаў скульптурнай работы і пакрыў іх золатам.
11 Крылы херубінаў распасцёр на дваццаць локцяў, так што адно крыло мела пяць локцяў і дасягала сцяны дома, і другое крыло, што мела пяць локцяў, дакраналася да крыла другога херубіна.
12 Падобна і крыло другога херубіна мела пяць локцяў і дакраналася да сцяны, ды другое яго крыло было пяць локцяў і дакраналася да крыла другога херубіна.
13 Такім чынам, крылы абодвух херубінаў распасціраліся і выцягваліся на дваццаць локцяў; а стаялі яны на прамых нагах з тварамі, звернутымі да святыні.
14 Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынтавай тканіны, з пурпуровай тканіны, з пунсовай тканіны і з вісону ды вышыў на ім херубінаў.
15 Таксама паставіў перад уваходам у святыню дзве калоны, што мелі па трыццаць пяць локцяў вышыні; а капітэлі іх былі ў пяць локцяў.
16 А таксама выразаў, як быццам ланцужкі, на гірляндзе і паклаў іх на капітэлях калонаў; зрабіў таксама сто гранатавых яблыкаў, якія паклаў на ланцужкі.
17 Таксама перад фасадам святыні паставіў такія калоны: адну з правага боку і другую — з левага; правую назваў Яхін, і левую — Баоз.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Хронікаў, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.