Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Выслоўяў 28 Кніга Выслоўяў 28 раздзел

1 Бяжыць бязбожнік, калі ніхто не гоніца за ім, а справядлівы — як леў адважны.
2 Адыдзе ад закону зямля, тады многа кіраўнікоў у ёй, а пры разумным і мудрым чалавеку справядлівы лад працягнецца.
3 Чалавек бедны і які ганіць бедных падобны да дажджу праліўнога, у якім рыхтуецца голад.
4 Адступнікі ад закона — хваляць бязбожнікаў; а хто трымаецца закона — абураецца імі.
5 Ліхія людзі не разумеюць законнасці; а хто імкнецца да Госпада, — разумее ўсё.
6 Лепш бедны, які ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым крывадушны на дарогах сваіх, хоць і багаты.
7 Хто беражэ законнасць — той мудры сын; а хто падтрымлівае гуляк — асаромлівае бацьку свайго.
8 Хто накоплівае багацце сваё пазыкамі і ліхвярствам, той збірае яго для шчодрага да бедных.
9 Хто адхіляе вуха сваё, каб не чуць закон, — малітва таго таксама будзе брыдотай.
10 Хто падманвае справядлівых на ліхой дарозе, сам упадзе ў пагібель, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
11 Разумным здаецца сабе чалавек багаты, але разгневаны бядняк даследуе яго.
12 У радасці справядлівых — вялікая слава, а калі ўзнімаюцца бязбожнікі — хаваецца чалавек.
13 Хто ўтойвае злачынствы свае — не будзе жыць у шчасці; хто прызнаецца і пакіне гэта, даб’ецца міласэрнасці.
14 Шчасны чалавек, які мае страх [Божы], а хто сэрца сваё зацвярджае — трапіць у бяду.
15 Леў, што рыкае, і галодны мядзведзь — гэта бязбожны кіраўнік над бедным народам.
16 Кіраўнік, што пазбаўлены разважлівасці, прыгнятае многіх; а хто ненавідзіць хцівасць — дні таго стануць доўгімі.
17 Чалавека, што заліты крывёй чыйгосьці жыцця, калі ён будзе бегаць да самай магілы, ніхто не падтрымае.
18 Хто ходзіць прама — будзе збаўлены; хто ходзіць нясталымі шляхамі — той раптам загіне.
19 Хто зямлю сваю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто шукае адпачынку — напоўніцца галечай.
20 Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто жадае хутка ўзбагаціцца — не застанецца без пакарання.
21 Хто распазнае аблічча ў судзе — не чыніць дабро, і чалавек за лусту хлеба крывіць душою.
22 Спяшаецца ўзбагаціцца зайздрослівы чалавек, не ведае ён, што беднасць спасцігне яго.
23 Хто дакарае чалавека, потым знойдзе ласку, больш чым той, хто ліслівіць языком.
24 Хто крадзе што-небудзь у бацькі свайго або маці і кажа: «Гэта не грэх», той — саўдзельнік рабаўніка.
25 Хто павялічвае жаданні — распаляе сваркі, а хто ўскладае надзею на Госпада — пашырыцца.
26 Хто спадзяецца на сэрца сваё — той бязглузды, а хто ходзіць мудра — сам будзе збаўлены.
27 Хто дае беднаму — не будзе ў галечы, а хто хавае вочы — напоўніцца праклёнамі.
28 Калі бязбожнікі ўздымуцца — хаваюцца людзі; калі яны загінуць — памножацца справядлівыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 28 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.