Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 31 Эзэкіэля 31 раздзел

1 І ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, скажы фараону, цару Егіпецкаму, ды ўсяму мноству яго: “Да каго падобным стаў ты ў сваёй вялікасці?
3 Вось, Асур, як кедр у Лібане, прыгожы галінамі, і густы лісцем, і гонкі вышынёю, і між хмар паднялася яго верхаліна;
4 воды вырасцілі яго, бяздонне ўзняло яго, рэчкі яго абцякалі кругом яго карані, ды ручаіны свае накіраваў да ўсіх дрэў палявых.
5 Таму вышынёй перарос ён усе дрэвы палявыя, і павялічыліся яго галіны, і паднялося галлё яго дзеля мноства вады.
6 І калі пашырыў ён цень свой, на галінах яго парабілі гнёзды ўсе птушкі паднебныя, і пад яго галінамі нарадзіліся ўсе звяры палявыя, і ў засені яго жыло ўсё мноства народаў.
7 І быў ён вельмі прыгожы ў сваёй вялікасці і ў раскідзістасці галін сваіх, бо корань яго быў блізка да шчодрых водаў.
8 Кедры ў раі Бога не былі роўныя яму; елкі не маглі параўнацца з галінамі яго, і платаны не маглі параўнацца з галінамі яго; ніводнае дрэва ў раі Бога не было падобным да яго і прыгажосці яго.
9 Я аздобіў яго багаццем і шчодрасцю зелені, і зайздросцілі яму ўсе дрэвы Эдэна, якія былі ў раі Бога”.
10 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ён так высока вырас, і верхавіну сваю падняў аж да хмар, і сэрца яго ўбілася ў пыху з прычыны сваёй вялікасці,
11 дзеля таго Я аддам яго ў рукі магутнага кіраўніка народаў, каб, учыняючы, учыніў яму: адпаведна яго бязбожнасці знішчыў Я яго.
12 І чужынцы, найгоршыя з народаў, ссякуць яго; і кінуць яго на горы, і на ўсе лагчыны пападаюць яго галіны, і дрэвы яго паламаюцца ва ўсіх ямах зямлі, і з-пад засені яго паадступаюцца ўсе народы зямлі і пакінуць яго.
13 На руінах яго будуць жыць усе птушкі паднебныя і між яго галінамі — усе звяры палявыя,
14 каб ніводнае дрэва над водамі не падымалася ў вышыні сваёй і не падымала сваёй верхавіны пад хмары, і каб нішто, што бярэ сваю моц з вады, не стаяла ля іх у сваёй вышыні, бо ўсе яны аддадзены смерці ў краіне падземнай, сярод людзей, сярод тых, хто сыходзіць у магілу”.
15 Гэта кажа Госпад Бог: “У дзень, у які ён сышоў да памерлых, учыніў Я стагнанне, зачыніў над ім бездань, і стрымаў рэкі яго, і затрымаў воды вялікія; дзеля яго Я засмуціў Лібан ды ўсе палявыя дрэвы былі ўстрывожаны.
16 Грукатам яго падзення Я ўстрывожыў народы, калі ўвёў яго ў пекла з тымі, што сыходзілі ў магілу; і ўсцешыліся ў падземнай краіне ўсе дрэвы Эдэнскія, прыгожыя і пышныя дрэвы Лібана, усе, што шчодра арашаюцца водамі.
17 Бо і яны сышлі з ім у апраметную да забітых мечам і паплечнікаў яго, што сядзелі ў засені яго між народамі.
18 Да якога дрэва Эдэнскага падобны ты, слаўны і высокі? І вось, кінуты ты з дрэвамі Эдэнскімі ў краіну падземную; між неабрэзаных ляжыш, з тымі, што загінулі ад меча. Гэта фараон і ўсё мноства яго,” — кажа Госпад Бог».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 31 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.