Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 38 Эзэкіэля 38 раздзел

1 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё супраць Гога ў зямлі Магог, вялікага князя зямлі Масок і Тубал, і праракуй супраць яго,
3 і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал.
4 і Я завярну цябе, і акілзаю цябе, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і коннікаў, усіх цалкам апранутых, вялікую дружыну з вялікімі і малымі шчытамі, узброеных мечамі.
5 Сярод іх персы, Куш і Пут, усе ўзброеныя шчытамі і шлемамі,
6 Гамэр і ўсё яго войска, жыхары Бэт-Тагармы з далёкай Поўначы ды ўсё войска іх, і многія народы з табой.
7 Узбройвайся і будзь гатовы, ты і ўсе твае дружыны, якія кругом цябе сабраліся, і будзь Мне на варту.
8 Па многіх днях атрымаеш загад; пры канцы гадоў прыбудзеш у зямлю, якая ацалела ад меча, была яна сабрана паміж многіх народаў на гарах Ізраэля, што доўга былі пакінутымі: яна была выведзена з пасярод народаў, ды жывуць яны ўсе на ёй спакойна.
9 Ты, аднак, нахлынеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю, — ты, і ўсё войска тваё, ды многія народы з табою”».
10 Гэта кажа Госпад Бог: «У той дзень паўстануць думкі ў тваім сэрцы і задумаеш ты надта ліхі намер,
11 і скажаш: “Нападу на зямлю неўмацаваную, пайду супраць людзей спакойных, дзе ўсе жывуць бяспечна; усе яны не маюць муроў, засавак і брам няма ў іх,
12 каб рабаваць і браць здабычу, каб руку сваю пакласці на руіны, зноў абжытыя, а таксама на народ, які сабраўся з паганаў, які набыў жывёлу і маёмасць і жыве ў сярэдзіне зямлі.
13 Саба, і Дэдан, і гандляры з Тарсіса, і ўсе яго кіраўнікі будуць казаць табе: “Ці ты прыйшоў рабаваць? Ці сабраў сваё войска, каб рабаваць, каб забіраць срэбра і золата, каб уводзіць жывёлу і маёмасць і каб набраць вялікую здабычу?”»
14 Дзеля таго праракуй, сын чалавечы, і кажы Гогу: гэта кажа Госпад Бог: “Ці не ў той дзень, калі Мой народ Ізраэльскі будзе жыць бяспечна, ты нахлынеш?
15 І ты прыйдзеш з краю свайго, з далёкай Поўначы, ты і многія народы з табой, усе на конях, вялікая дружына і магутнае войска.
16 І нахлынеш супраць Майго народа Ізраэльскага, як хмара, каб запоўніць зямлю. Гэта адбудзецца пры канцы дзён, і Я прывяду цябе ў Маю зямлю на тое, каб пазналі Мяне пагане, калі на тваім прыкладзе, о Гог, Я асвячуся перад іх вачамі”.
17 Гэта кажа Госпад Бог: “Такім чынам, ты той, аб якім у даўніх часах сказаў Я праз Сваіх паслугачоў, прарокаў Ізраэля, якія прадказвалі ў тыя дні, што прывяду цябе на іх”.
18 “І ў гэты дзень, калі Гог прыбудзе ў зямлю Ізраэля, — кажа Госпад Бог, — гнеў Мой узгарыцца ў абурэнні Маім.
19 Ды ў руплівасці Маёй, у полымі гневу Майго Я кажу гэта: у гэты дзень прыйдзе вялікі землятрус на зямлю Ізраэля,
20 і перада Мной будуць дрыжаць рыбы марскія і птушкі ў паветры, і звяры палявыя, і ўсякі паўзун, які рухаецца па зямлі, ды ўсе людзі, якія на паверхні зямлі; і горы палопаюцца, і скалы заваляцца, і ўсе муры ўпадуць на зямлю”.
21 “І паклічу супраць яго меч ва ўсіх гарах Маіх, — кажа Госпад Бог, — меч кожнага звернецца супраць брата.
22 І буду судзіць яго пошасцю, і крывёй, і праліўным дажджом, і градам, як камяні; агонь і маланку спашлю на яго, і на яго войска, і на многія народы, якія з ім,
23 і ўзвялічу Сябе, і асвячуся, і стану вядомым перад вачамі многіх народаў, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 38 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.