Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 11 Эзэкіэля 11 раздзел

1 І падняў мяне дух, і занёс мяне да ўсходняй брамы святыні Госпада, звернутай на ўсход сонца; і вось, ля ўваходу ў браму знаходзілася дваццаць пяць мужоў, і сярод іх убачыў я Язанію, сына Азура, і Пэлцію, сына Банаі, кіраўнікоў народа.
2 І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, вось мужы, у думках якіх злачыннасць і якія ў гэтым горадзе распаўсюджваюць найгоршыя парады,
3 гаворачы: “Ці не даўно пабудаваны дамы? Вось кацёл, а мы — мяса”.
4 Дзеля таго праракуй супраць іх, праракуй, сын чалавечы!»
5 І ў той час авалодаў мною Дух Госпада і сказаў мне: «Гавары: гэта кажа Госпад: “Такім спосабам кажаце вы, дом Ізраэля, і Я ведаю намеры сэрца вашага.
6 Вельмі многіх вы забілі ў гэтым горадзе, і вуліцы яго напоўнілі забітымі”.
7 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вашы забітыя, якіх вы паклалі ў сярэдзіне яго, — гэта мяса, і горад — кацёл, і Я выведу вас з сярэдзіны яго”.
8 “Баіцеся меча, і Я ўзвяду на вас меч, — кажа Госпад Бог.
9 І Я выганю вас з яго сярэдзіны, і аддам вас у рукі чужынцам, і правяду суд над вамі.
10 Вы будзеце падаць ад меча, і буду судзіць вас у межах Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад.
11 Ён не будзе для вас катлом, і вы не будзеце ў ім мясам; у межах Ізраэля буду судзіць вас;
12 і даведаецеся, што Я — Госпад, бо не жылі вы паводле прыказанняў Маіх і законаў Маіх не спаўнялі, але спаўнялі законы тых народаў, якія вас акружаюць навокал”».
13 І сталася, калі я толькі скончыў праракаваць, памёр Пэлція, сын Банаі; дык упаў я на твар мой, крычучы ўголас гэтыя словы: «О Госпадзе, Божа! Ты знішчаеш рэшту Ізраэля!»
14 І прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
15 «Сын чалавечы, браты твае, браты твае, людзі блізкія твае і ўвесь дом Ізраэля, — усе, каму сказалі жыхары Ерузаліма: “Далёка вы ад Госпада, зямля гэтая дадзена нам ва ўласнасць”».
16 Таму гэта кажа Госпад Бог: «Таму што Я выгнаў іх да народаў і рассыпаў іх па зямлі, буду для іх святыняй невялікай ў тых землях, у якія прыбылі».
17 Дзеля таго гавары: «Гэта кажа Госпад Бог: “Я збяру вас з народаў, і пазбіраю з тых земляў, у якія вы былі выгнаны, ды дам вам зямлю Ізраэля.
18 І вернуцца яны туды, і выкараняць з яе ўсе злачынствы і агіднасці яе.
19 І дам ім другое сэрца ды духа новага дам у нутро іх; і выкіну сэрца скамянелае з цела іх, і дам ім сэрца цялеснае,
20 каб хадзілі паводле прыказанняў Маіх і закон Мой захоўвалі і спаўнялі яго, і будуць Мне народам, а Я буду іх Богам.
21 А чыё сэрца схіляецца да ідалаў і агіднасцей сваіх, на тыя галовы пакладу Я адказнасць за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».
22 І херубіны ўзнялі свае крылы, і адначасова з імі пайшлі колы, а слава Бога Ізраэля супачывала на іх угары;
23 І адышла слава Госпада з межаў горада, і затрымалася на гары, што на ўсход ад горада.
24 І дух падняў мяне, і прынёс у бачанні ў Божым духу да перасяленцаў у зямлю Халдэйскую; і спынілася ў мяне бачанне, якое я меў.
25 І расказаў я перасяленцам усе справы Госпада, якія Ён мне дазволіў бачыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 11 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.