Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 44 Эзэкіэля 44 раздзел

1 І завёў мяне да знешняй часткі свяцілішча, скіраванай на ўсход, і была яна замкнутай;
2 і сказаў мне Госпад: «Брама гэтая хай будзе замкнутая; хай не адчыняецца, і ніводзін чалавек хай не пройдзе ёю, бо Госпад, Бог Ізраэля, увайшоў праз яе, і хай будзе яна замкнутая.
3 Валадар, паколькі ён валадар, можа ў ёй сядзець, каб спажываць хлеб на віду Госпада; уваходзіць павінен ён праз прысенкі пры браме і той самай дарогай выходзіць».
4 І завёў мяне ў напрамку паўночнай брамы да пярэдняга боку дома, і я глянуў, і вось, слава Госпада напоўніла дом Госпада, і я ўпаў на твар мой.
5 І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, схілі сэрца сваё, і глядзі вачамі сваімі, і слухай вушамі сваімі ўсё, што Я табе скажу адносна ўсіх пастаноў дома Госпада і адносна ўсіх законаў яго; схілі сэрца сваё на ўваход у храм і ўсе выхады свяцілішча
6 і скажы бунтаўнічаму адносна Мяне дому Ізраэля: вось што кажа Госпад Бог: “Хопіць ужо ўсіх вашых агіднасцей, дом Ізраэля,
7 бо вы ўвялі чужынцаў неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных на целе, каб былі яны ў святыні Маёй, і апаганьвалі дом Мой, калі ў ахвяры вы ўскладалі хлеб Мой, тлушч і кроў; і ўсімі агіднасцямі сваімі вы парушылі Мой запавет,
8 і не споўнілі службы пры свяцілішчах Маіх, і паставілі іх служыць Мне ў Маім свяцілішчы”.
9 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны на целе, не можа ўваходзіць у Маю святыню, ніводзін чужынец, які жыве сярод ізраэльцаў.
10 Але левіты, якія далёка адыдуць ад Мяне ў памылцы сыноў Ізраэля, якія пайшлі ад Мяне за ідаламі сваімі, панясуць кару за сваю правіннасць,
11 і яны будуць служыць у Маім свяцілішчы як вартаўнікі пры брамах дома і як паслугачы дома: яны будуць забіваць ахвяры на цэласпаленні і ахвяры для людзей, ды будуць стаяць перад імі як паслугачы іх.
12 За тое, што яны служылі ім перад іх ідаламі і сталі для дому Ізраэля перашкодай з-за граху, таму падняў Я руку Сваю супраць іх, — кажа Госпад Бог, — мусяць яны адпакутаваць за сваю правіннасць.
13 І не будуць яны набліжацца да Мяне, каб Мне служыць як святары, і не будуць дакранацца да ўсіх святых рэчаў Маіх, да найсвяцейшага, але будуць несці сваю ганьбу і пакутаваць за свае агіднасці, якіх дапусціліся.
14 І Я прызначаю іх да спаўнення ўсякай службы пры доме і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.
15 А святары левіты, сыны Садока, якія захавалі службы пры Маім свяцілішчы, калі ізраэльцы адышлі ад Мяне, яны будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць на віду Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў”, — кажа Госпад Бог.
16 Яны маюць уваходзіць у святыню Маю, і яны маюць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і пільнаваць службу Маю.
17 І калі ўвойдуць яны ў брамы ўнутранага панадворка, яны апрануць ільняныя шаты; і хай не апранаюць на сябе нічога з воўны, калі спаўняюць службу пры брамах унутранага панадворка і ў доме.
18 Ільняныя павязкі хай будуць на іх галовах, і льняныя порткі хай будуць на клубах іх, і не павінны яны падпярэзвацца, каб не пацець.
19 І калі будуць выходзіць на знешні панадворак да людзей, то павіннны зняць з сябе сваё адзенне, у якім спаўнялі службу, і пакласці яго ў пакоях святых, і апрануць на сябе іншыя шаты, і не асвячаць людзей у сваіх шатах.
20 А галавы сваёй яны галіць не будуць і не будуць адпускаць доўгіх валасоў, але будуць стрыгчы валасы свае.
21 І ніводзін святар не будзе піць віна, калі мае ўваходзіць на ўнутраны панадворак.
22 І не будуць яны жаніцца з удовамі або пакінутымі, але толькі з дзяўчынамі з нашчадкаў дому Ізраэля; аднак могуць жаніцца і з удавой мужа святара.
23 І маюць яны павучаць народ Мой аб розніцы між тым, што святое, і тым, што несвятое, а таксама аб розніцы між тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.
24 І калі будзе справа спрэчная, маюць яны засядаць у судзе і развязваць справы паводле законаў Маіх; маюць пільнаваць законы Мае і пастановы Мае ва ўсіх урачыстасцях Маіх ды святкаваць суботы Мае.
25 І не будуць набліжацца яны да трупаў, каб не апаганіцца, толькі дзеля бацькі, і маці, і сына, і дачкі, і брата, і сястры, якая мужа не мела: могуць яны занячысціцца адносна іх.
26 І пасля яго ачышчэння хай палічаць яму яшчэ сем дзён,
27 і ў дзень уваходу свайго ў свяцілішча, на ўнутраны панадворак, каб служыць Мне ў свяцілішчы, хай ускладзе ён ахвяру за грэх свой, — кажа Госпад Бог.
28 І не будуць яны мець спадчыны: Я — іх спадчына; і не дасцё ім нічога ва ўласнасць у Ізраэлі, бо Я — іх уласнасць.
29 Будуць есці яны ахвяры з ежы, і ахвяры за грэх, і ахвяры за злачынства, і ўсё, на што ў Ізраэлі пакладзена клятва, мае да іх належаць;
30 і пяршыні з усяго першароднага, ды кожны дар паміж усіх вашых святых дароў мае належаць да святароў; і пяршыні з вашай мукі маеце даваць святару, каб дабраславенне ўсклаў ён на ваш дом.
31 Святары не павінны есці ані падліны, ані таго, што раздзёртае дзікім зверам, ці гэта з птушак, ці з жывёлы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 44 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.