Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 34 Эзэкіэля 34 раздзел

1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, праракуй пра пастыраў Ізраэля, праракуй і кажы пастырам: гэта кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасвіць статак?
3 Вы пілі малако, і апраналіся ў воўну, і забівалі, што тлустае, аднак статак авечак не пасвілі:
4 што слабое было — не ўзмацнілі, і што хворае — не аздаравілі; што было скалечанае — не перавязалі, і што выгнана было — не прывялі назад, і згубленага не шукалі, і абыходзіліся з тым, што дужае, з гвалтам.
5 Ды рассыпаліся авечкі Мае, бо не мелі пастыра; і сталі здабычаю ўсіх дзікіх палявых звяроў, і разбегліся.
6 Блукалі статкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсёй паверхні зямлі разбегліся статкі Мае; і ніхто пра іх не пытаўся, ніхто іх не шукаў”.
7 Дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада:
8 “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, што статак Мой стаў рабункам і авечкі Мае сталі здабычай дзікім палявым звярам, бо не мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі статак Мой, але пасвілі пастыры саміх сябе і статка Майго не пасвілі”,
9 дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада.
10 Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статак Мой і спыню іх, каб яны болей не пасвілі статка і каб больш тыя пастыры не пасвілі саміх сябе; і Я вызвалю статак Мой з іх пашчы, і не будзе ён больш служыць ім на жыраванне”.
11 Бо вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам буду шукаць Маіх авечак і буду наведваць іх.
12 Як аглядае пастух статак свой у дзень, калі знаходзіцца сярод рассыпаных авечак сваіх, так Я наведаю авечак Маіх ды вызвалю іх з усіх месцаў, у якія былі яны рассыпаны ў дзень хмарны і туманны.
13 І выведу іх з народаў, і збяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю Сваю, і буду пасвіць іх на гарах Ізраэля, па лагчынах і па ўсіх абжытых месцах зямлі.
14 Буду пасвіць іх на самых сакавітых пашах, і пашы іх будуць на высокіх гарах Ізраэля; там будуць адпачываць на зялёных травах і на сакавітых пашах будуць пасвіцца на гарах Ізраэля.
15 Я буду пасвіць авечак Маіх, і Я дазволю ім адпачыць, — кажа Госпад Бог.
16 Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае знішчу. Буду пасвіць іх справядліва”.
17 Да вас жа, статак Мой, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я буду судзіць авечак, бараноў і казлоў.
18 Ці ж мала вам было добрай пашы на выпасы? Чаму ж і астатнія вашы пашы вы павытоптвалі нагамі сваімі і чаму калі пілі вы найчысцейшую ваду, то астатнюю каламуцілі вашымі нагамі?
19 І авечкі Мае мусілі пасвіцца на тых месцах, якія вытаптаны былі вашымі нагамі, і піць тое, што забрудзілі вашы ногі”.
20 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць між авечкай сытай і худою;
21 дзеля таго, што вы ўсіх слабых жывёл адпіхвалі бакамі і плячамі ды піхалі іх сваімі рагамі, пакуль не рассыпаліся яны звонку,
22 Я збаўлю Мой статак, і больш не будзе ён здабычай, і буду судзіць між авечкай і авечкай.
23 Вось, Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, паслугача Майго Давіда, які будзе іх пасвіць; ён будзе іх пасвіць, і ён будзе ім пастырам.
24 А Я, Госпад, буду для іх Богам, і паслугач мой Давід будзе князем сярод іх. Я, Госпад, сказаў гэта.
25 Ды заключу з імі запавет міру, і дзікіх звяроў найгоршых вынішчу з зямлі, і будуць яны пражываць спакойна ў пустыні і адпачываць у лясах;
26 і дабраслаўлю іх, і землі вакол узвышша Майго, і буду пасылаць дождж у свой час: гэта будзе дождж дабраславенства.
27 І палявое дрэва будзе даваць плады свае, і зямля радзіць будзе, і будуць яны жыць спакойна ў сваёй зямлі, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі скрышу кайданы іх і вырву іх з рукі прыгнятальнікаў іх.
28 І не будуць яны больш здабычай народаў, ані дзікія звяры зямлі не будуць іх пажыраць, але будуць яны жыць спакойна і без аніякага страху.
29 І вырашчу ім парастак слаўны, і не будуць яны болей гінуць з голаду на зямлі, ды не будуць болей зносіць знявагі народаў;
30 І зразумеюць, што Я — Госпад Бог з імі, і яны — народ Мой, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог.
31 “А вы — статак Мой, статак пашы Маёй, і Я Госпад, Бог ваш”, — кажа Госпад Бог».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 34 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.