Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 22 Эзэкіэля 22 раздзел

1 І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «І ты, сын чалавечы, ці хочаш судзіць? Ці хочаш выдаць прысуд крываваму гораду? І пакажы яму ўсе агіднасці яго,
3 і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “О горад, што пралівае ўласную кроў, каб гэтым наблізіць час свой, і што паставіў у сябе ідалаў, каб апаганіцца.
4 Сваёй крывёю, што ты праліў, ты правініўся; і ідаламі сваімі, якіх паставіў, ты апаганіўся; і ты наблізіў дні свае і дайшоў да часу сваіх гадоў. Таму Я зраблю цябе ганьбай перад народамі ды пасмяяннем на віду ўсіх земляў.
5 Суседзі і тыя, што жывуць далёка ад цябе, будуць смяяцца з цябе, горада, слаўнага нячыстасцю, поўнага звадак.
6 Вось, кіраўнікі Ізраэля, кожны сваім чынам, у цябе пралівае кроў.
7 У цябе бацька і маці ў знявазе, у цябе пакрыўджаны чужынец, у цябе ў прыгнёце сірата і ўдава.
8 Святыні Мае ты зняважыў і зняславіў суботы Мае.
9 У цябе былі паклёпнікі, каб праліваць кроў, і ў цябе елі яны на ўзгорках; і пасярод цябе дапусціліся злачынстваў.
10 Сорам бацькі адкрылі ў цябе, у цябе зняважылі жанчыну ў пару нячыстасці яе;
11 і адзін дапусціўся агіднасці з жонкаю блізкага свайго, і другі апаганіўся распустай з нявесткай сваёй; брат згвалтаваў сястру сваю, дачку бацькі свайго, у цябе.
12 У цябе прынялі падарункі, каб праліваць кроў, ты ўзяў працэнты і займаешся ліхвярствам, і дзеля карысці ўзвёў паклёп на блізкіх сваіх, і пра Мяне забыўся”, — кажа Госпад Бог.
13 “Вось, Я ўдарыў у далоні Мае дзеля набытку несправядлівага твайго, які ты сабраў, ды з прычыны крыві, якая ў цябе пралілася.
14 Ці вытрымае тваё сэрца або ці будуць рукі твае настолькі дужыя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, Госпад, сказаў гэта і зраблю;
15 і рассыплю цябе паміж народамі чужымі, і расцярушу цябе па чужых землях, і прыму з цябе тваю нячыстасць.
16 І Я вазьму цябе як уласнасць на вачах паганаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад”».
17 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
18 «Сын чалавечы, дом Ізраэля стаў для Мяне, як жужаль; усе яны — медзь, і срэбра, і жалеза, і свінец у печы; сталі яны жужалем».
19 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што ўсе вы сталі жужалем, вось за гэта Я збяру вас у сярэдзіне Ерузаліма,
20 падобна як кладзецца разам у печы срэбра, і медзь, і жалеза, і свінец, і волава, каб распаліць у ёй агонь і расплавіць іх, так і вас Я збяру ў абурэнні Маім і лютасці Маёй, і пакладу вас і растаплю,
21 і збяру вас, і распалю супраць вас агонь абурэння Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго.
22 Падобна, як срэбра плавіцца ў сярэдзіне печы, так і вы будзеце расплаўленыя ў сярэдзіне яго: і даведаецеся, што Я, Госпад, выліў на вас гнеў Свой».
23 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
24 «Сын чалавечы, скажы яму: “Ты — зямля, на якую не ўпаў дождж, ані лівень у дзень абурэння,
25 князі якой у яе сярэдзіне, як ільвы рыкаючыя, што расхапілі здабычу; яны пажралі душы, сабралі багацці і каштоўнасці, павялічылі лік удоў яе сярод яе.
26 Святары яе парушылі законы Мае і апаганілі Мае святыні, не адрознівалі яны паміж святым і неасвячоным, і не навучыліся адрозніваць чыстае і нячыстае, і на суботы Мае закрылі вочы свае, і сярод іх Я меў знявагу.
27 Князі яе сярод яе, як ваўкі, што раздзіраюць здабычу; яны разліваюць кроў, забіваюць людзей, каб атрымаць карысць несправядлівую.
28 А прарокі яе пакрылі для іх усё тынкам, абвяшчаючы прадказанні падманныя і абвяшчаючы ім прароцтвы фальшывыя, кажучы: “Гэта кажа Госпад Бог”, калі Госпад не гаварыў.
29 Людзі гэтае зямлі чынілі гвалт і рабунак; крыўдзілі ўбогага і беднага, і беззаконна здзекаваліся з чужынца.
30 І шукаў Я паміж іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю і перашкодзіць Мне ў знішчэнні яе, але не знайшоў такога.
31 І выліў Я на іх гнеў Мой, у агні Майго абурэння вынішчыў іх, на галовы іх скінуў віну за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 22 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.