Выхад 33 глава

Кніга Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Десницкого

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, узыйдзі адгэтуль ты і народ, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай, у зямлю, пра якую Я прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, кажучы: “Насеньню твайму дам яе”.
 

І Я пашлю перад абліччам тваім анёла, і выганю Хананейца, Амарэя, Хета, Пэрэзэя, Хівея і Евусэя.
 

І ўвядзе ён вас у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, бо Сам Я не пайду сярод цябе, бо ты — народ з цьвёрдым каркам, каб Я не выгубіў вас у дарозе».
 

І пачуў народ ліхое слова гэтае, і загаласіў, і не ўзлажыў ніхто аздобаў сваіх на сябе.
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы сынам Ізраіля: “Ты — народ з цьвёрдым каркам. Калі Я адну хвіліну буду ісьці сярод цябе, Я выгублю цябе. А цяпер здымі з сябе аздобы свае, і Я буду ведаць, што маю рабіць з табою”».
 

І зьнялі з сябе сыны Ізраіля аздобы свае каля гары Харэў.
 

І Майсей узяў намёт, і паставіў яго па-за табарам, воддаль ад табару, і назваў яго Намётам Спатканьня; і было, што кожны, хто шукаў ГОСПАДА, выходзіў да Намёту Спатканьня, які [быў] па-за табарам.
 

І было, калі Майсей выходзіў да Намёту, уставаў увесь народ, і стаяў кожны каля ўваходу ў намёт свой, і глядзеў на Майсея, аж пакуль ён не ўваходзіў у Намёт.
 

І было, калі Майсей уваходзіў у Намёт, зыходзіў слуп воблачны і станавіўся каля ўваходу ў Намёт, і [Бог] гаварыў з Майсеем.
 

І бачыў увесь народ слуп воблачны, які стаяў каля ўваходу ў Намёт; і ўставаў увесь народ, і кланяўся кожны каля ўваходу ў намёт свой.
 

І гаварыў ГОСПАД з Майсеем абліччам да аблічча, як гаворыць чалавек з сябрам сваім; і ён вяртаўся ў табар; а служыцель ягоны Егошуа, сын Нуна, юнак, не адыходзіў з сярэдзіны Намёту.
 

І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Глядзі, Ты кажаш мне: “Узьвядзі народ гэты”, а Ты не паведаміў мне, каго пашлеш са мною. І Ты сказаў: “Я ведаю цябе на імя”, і таксама: “Ты знайшоў ласку ў вачах Маіх”.
 

І цяпер, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, дай мне спазнаць, прашу, шлях Твой, і я спазнаю Цябе, каб знайсьці ласку ў вачах Тваіх. І Ты паглядзі, што гэты народ — народ Твой».
 

І сказаў [Госпад]: «Аблічча Маё пойдзе [перад табою], і Я супакою цябе».
 

І сказаў [Майсей] Яму: «Калі ня пойдзе аблічча Тваё, не выводзь нас адгэтуль.
 

Бо з чаго я спазнаю, што знайшоў ласку ў вачах Тваіх, я і народ Твой? Ці не з таго, што Ты пойдзеш з намі? І будзем аддзеленыя я і народ Твой ад усіх народаў, якія на абліччы зямлі».
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Таксама паводле гэтага слова, якое ты прамовіў, Я зраблю, бо ты знайшоў ласку ў вачах Маіх, і Я ведаю цябе на імя».
 

І сказаў [Майсей]: «Пакажы мне, прашу, славу Тваю».
 

І сказаў [Госпад]: «Я правяду перад абліччам тваім усю добрасьць Сваю, і назаву імя ГОСПАДА перад табою, і буду літасьцівы для таго, для каго буду літасьцівы, і буду міласьцівы для таго, для каго буду міласьцівы».
 

І сказаў [Госпад]: «Ня зможаш паглядзець на аблічча Маё, бо ня можа глядзець на Мяне чалавек і застацца жывы».
 

І сказаў ГОСПАД: «Вось месца пры Мне, і ты стань на гэтай скале.
 

І станецца, калі будзе ісьці слава Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы, і захіну цябе далоньню Маёй, пакуль не прайду.
 

І калі Я прыбяру далонь Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду, але аблічча Маё ня будзе відаць».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.