1 да Карынфян 5 глава

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → В переводе Лутковского

 
 

Наогул, ходзяць чуткі пра блуд сярод вас, ды такі блуд, пра які не гавораць нават сярод язычнікаў: што нехта за жонку мае ба́цькаву жонку.
 

А вы заганары́ліся, хоць лепш было б вам плакаць, каб вы́кінуты быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.
 

Я ж, адсутны целам, але прысутны сярод вас духам, ужо вы́рашыў, як бы знахо́дзячыся з вамі, адносна таго, хто гэта ўчыніў,
 

каб на сходзе вашым у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзе і мой дух, сілаю Госпада нашага Іісуса Хрыста
 

аддаць яго сатане на загубу плоці, каб дух яго быў спасёны ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 

Нядобра вам пахваля́цца. Хіба́ вы не ведаеце вы, што мала́я заква́ска ўсё цеста ква́сіць?
 

Дык ачы́сціцеся ад старой заква́скі, каб сталі вы новым цестам, таму што вы бясква́сныя, бо Пасха наша, Хрыстос, быў ахвярава́ны за нас.
 

Таму давайце будзем святкава́ць не са старо́ю заква́скаю, не з заква́скаю зла і кава́рства, а з праснака́мі чысцінí і ісціны.
 

Я пісаў вам у пасла́нні не мець адносін з блуднікамі,
 

але не ўвогуле з блуднікамі свету гэтага, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або ідалапаклоннікамі, бо тады вам належала б выйсці са свету;
 

а пісаў я вам не мець адносін з тым, хто, называ́ючыся бра́там, застане́цца блудніком, або хціўцам, або ідалапаклоннікам, або ліхасловам, або п’яніцам, або рабаўніком; з такім нават не есці разам.
 

Бо нашто мне і знешніх судзíць? Хіба́ не тых, што сярод вас, вы су́дзіце?
 

Знешніх жа су́дзіць Бог. Дык вы́кіньце ліхога з вашага асяроддзя.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.