1 да Карынфян 3 глава

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла
Пераклад праваслаўнай царквы → В переводе Лутковского

 
 

І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, а толькі як з плоцкімі, як з немаўлятамі ў Хрысце.
 

Я карміў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі есці яе, ды і цяпер не можаце,
 

таму што вы яшчэ плоцкія. Бо калі паміж вамі зайздрасць, і спрэчкі, і разлады, то ці ж не плоцкія вы і ці не паводле чалавечага разумення жывяце́?
 

Бо калі адзін кажа: «я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», — то ці ж не плоцкія вы?
 

Бо хто такі Павел? хто такі Апалос? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы ўверавалі, і кожны, як яму даў Гасподзь.
 

Я насадзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог;
 

так што ні той, хто са́дзіць, не мае значэння, ні той, хто палівае, а толькі Бог, Які ўзрошчвае.
 

Той, хто са́дзіць, і той, хто палівае, — складаюць адно, але кожны атрымае сваю плату ў адпаведнасці са сваёй працай.
 

Бо мы суработнікі ў Бога; а вы — Божая ніва, Божая пабудова.
 

Я па благадаці, дадзенай мне Богам, як мудры дойлід, заклаў падмурак, а іншы будуе на ім; аднак кожны няхай глядзіць, як будуе.
 

Бо ніхто не можа закласці іншага падмурку, акрамя закладзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос.
 

І хто я́к на гэтым падмурку будуе — з золата, серабра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
 

справа кожнага вы́явіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрываецца, і агонь вы́прабуе справу кожнага, якая яна.
 

У каго збудаванне, якое ён узвёў, вы́стаіць, той атрымае плату;
 

у каго збудаванне згарыць, той панясе страту; сам жа будзе ўратаваны, але так, як бы з агню.
 

Хіба не ведаеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
 

Калі хто знішчыць храм Божы, таго знішчыць Бог; бо храм Божы святы, і гэты храм — вы.
 

Няхай ніхто сябе не падманвае: калі хто з вас лíчыць сябе мудрым у веку гэтым, той няхай неразумным стане, каб быць мудрым.
 

Бо мудрасць свету гэтага ёсць неразумнасць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасці іх».
 

І яшчэ: «Гасподзь ведае разважанні мудрых, што яны марныя».
 

Дык вось, няхай ніхто не хва́ліцца людзьмі, бо ўсё ваша:
 

ці Павел гэта, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша;
 

вы ж — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.