1 Самуйлава 31 глава

Першая кніга Самуйлава
Пераклад Яна Станкевіча → Русского Библейского Центра

 
 

Пілішчане ж ваявалі з Ізраелям, і ўцяклі мужы Ізраельскія ад Пілішчан, і палі забітыя на гары Ґілвоа.
 

І дагналі Пілішчане Саўлу а сыноў ягоных, і забілі Пілішчане Ёнафана а Авінадава а Малхішуа Саўлянкоў.
 

І бітва Саўлу стала цяжкой, і знайшлі яго стралцы з луку, і ён быў зранены стралцамі.
 

І сказаў Саўла збрайношу свайму: «Агалі свой меч і пракалі мяне ім, каб ня прышлі гэтыя неабрэзаныя, і не пракалолі мяне, і ня зьдзекаваліся зь мяне». Але збрайноша не хацеў, бо надта баяўся. І ўзяў Саўла меч, і паў на яго.
 

І абачыў збрайноша ягоны, што Саўла памер, і сам паў на свой меч, і памер ізь ім.
 

Гэтак памер таго дня Саўла, і тры сыны ягоныя, і збрайноша ягоны, а таксама і ўсі людзі ягоныя таго самаго дня заразом.
 

І абачылі мужы Ізраельскія, каторыя на другім баку даліны і каторыя на другім баку Ёрдану, што людзі Ізраельскія ўцяклі і што памерлі Саўла а сыны ягоныя, і пакінулі месты свае і ўцяклі, і прышлі Пілішчане й заселі ў іх.
 

І сталася назаўтрае, што прышлі Пілішчане абдзіраць забітых, і знайшлі Саўлу а трох сыноў ягоных, забітых на гары Ґілвоаскай,
 

І сьцялі яму галаву, і зьдзерлі зброі ягоныя, і паслалі па зямлі Пілісцкай навокал, каб агаласіць праз гэта ў доме балваноў сваіх і люду.
 

І палажылі зброі ягоныя ў доме Астарты, а цела ягонае прымацавалі да сьцяны Веф-Шану.
 

І пачулі празь яго жыхары Явішу Ґілеадзкага, праз тое, што ўчынілі Пілішчане із Саўлам,
 

І падняліся ўсі людзі дужыя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўлава а целы сыноў ягоных ізь сьцяны Веф-Шану, і прышлі да Явішу, і спалілі іх там.
 

І ўзялі косьці іхныя, і пахавалі пад тамарыскам у Явішу, і поставалі сем дзён.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.