1 Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
2 Паважай бацьку твайго і маці тваю; гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
3 каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.
4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым.
5 Нявольнікі, са страхам і дрыжаньнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,
6 не для вока служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовыя, выпаўняючыя волю Божую ад душы,
7 з добрай воляй паслугуючы, як Госпаду, а ня людзям,
8 ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.
9 І вы, гаспадары, падобна рабіце ім, зьмяншаючы пагрозы, ведаючы, што і іхні і ваш Госпад ёсьць ў небе, і што Ён не ўзіраецца на асобу.
10 Наастатак, браты, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў сіле моцы Ягонай.
11 Апранецеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д'ябла.
12 Бо нашае ваяваньне ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць ўладаў, супраць уладальнікаў гэтага сьвету цемры, супраць духаў злосьці нябесных.
13 Дзеля таго вазьміце зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі ўстаяць і ва ўсім застацца дасканалымі.
14 Дык стойце, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасьці,
15 і абуўшы ногі ў гатоўнасьць абвяшчаць Эвангельле супакою;
16 на ўсякую нагоду вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе агністыя стрэлы ліхога;
17 і вазьміце шалом збаўленьня разам з мячом Духа, якім ёсьць Слова Божае,
18 усьцяж молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, і чуваючы з вытрываласьцю і просьбаю за ўсіх сьвятых
19 і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адчыненьне вуснаў маіх, каб адважна выяўляў таямніцы Эвангельля,
20 якога я пасланец у путах, каб меў адвагу так, як мне належыцца, гаварыць.
21 Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта раскажа вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе,
22 якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён пацешыў сэрцы вашыя.
23 Супакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыста.
24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Езуса Хрыста ў незьнішчальнасьці.