1 Умольваю вас я, вязень Госпадаў, каб вы хадзілі дастойна пакліканьня, якім пакліканы,
2 з усёю пакорлівасьцю і лагоднасьцю, з доўгацярплівасьцю і любоўю адны адных пераносячы,
3 рупліва зьберагаючы адзінства духа ў супакоі.
4 Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы да адной надзеі пакліканьня вашага.
5 Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.
6 Адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
7 Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.
8 Таму вось кажа (Пісаньне): "Узыходзячы на вышыню, павёў палон у няволю і даў людзям дары".
9 Што ж значыць "узыходзячы", як ня тое, што перш зыйшоў у глыбейшыя нетры зямлі?
10 Хто зыйшоў, Той самы і ўзыйшоў вышэй усяго неба, каб усё напоўніць.
11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і вучыцелямі
12 на ўдасканаленьне сьвятых, на патрэбы служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
13 аж пакуль ня дойдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры веку поўні Хрыстовай,
14 каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і дурманячых ашуканстваў.
15 Трымаючыся праўды, ува ўсім узрастаем у любові ў Таго, хто ёсьць Галавой, Хрыста,
16 з якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі, мацаванымі праз дзейнасьць у сваю меру паасобнага члена расьце, і будуецца ў любові.
17 Вось аб гэтым кажу і сьведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як пагане, што ходзяць ў марнасьці розуму свайго,
18 маючы цьмяныя думкі, аддаленыя ад жыцьця Божага дзеля няведаньня, трываючага ў іх праз асьляпленьне іхняга сэрца,
19 якія сталіся нячулымі і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.
20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,
21 калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім вучыліся, таму што праўда ў Езусе.
22 Дык пакіньце жыць паводле абычаю старога чалавека, прападаючага ў манлівых пажаданьнях,
23 а аднавіцеся духам розуму вашага
24 і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасьці і сьвятасьці праўды.
25 Дзеля таго, адкінуўшы падман, кажыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы члены адзін аднаму.
26 Гневаючыся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;
27 і не давайце месца д'яблу.
28 Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, робячы рукамі сваімі карыснае, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы патрабуючага.
29 Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаваньне веры, каб была мілай слухаючым.
30 І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, якім вы запячатаны на дзень адкупленьня.
31 Хай счэзне у вас усякая прыкрасьць, гнеў, і злосьць, і звадка, і ачарненьне, і ўсякая злоснасьць.
32 Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысьце.