1 Дык усё зграмаджэньне ў тую ноч плакала ў голас,
2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, і казалі: «Лепш, каб мы былі паўміралі ў Эгіпце, або ў той бязьлюднай пустыні.
3 Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»
4 І казалі адзін аднаму: «Пастановім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».
5 Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон упалі ніцма на зямлю перад усёй супольнасьцю сыноў Ізраэля.
6 А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, каторыя самі аглядалі зямлю, разьдзёрлі шаты свае
7 і казалі ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абыйшлі, вельмі добрая.
8 Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасьць нам зямлю, ацякаючую малаком і мёдам.
9 Не бунтуйцеся супраць Госпада і не палохайцеся народу той зямлі, бо, як хлеб, мы іх праглынем. Яны ня маюць ніякай абароны, бо Госпад з намі; ня бойцеся іх».
10 Уся супольнасьць з абурэньнем гаманіла і хацела іх укаменаваць, калі над Палаткай Сустрэчы зьявілася хвала Госпада на віду ўсіх сыноў Ізраэля.
11 І прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зьневажаць Мяне народ гэты? Дакуль жа ня будзе ён верыць усім знакам, каторыя Я ўчыніў перад ім?
12 Я адведаю іх пошасьцю і зусім выгублю. Зь цябе ж Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».
13 Майсей жа сказаў Госпаду: «Вось жа пачуюць Эгіпцяне, ад каторых вывеў Ты народ гэты магутнасьцю Сваёй,
14 і будуць пра гэта казаць жыхарам той зямлі, каторыя чулі, што Ты, Госпадзе, даешся бачыць Сябе тварам у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі днём у слупе воблачным, а ноччу ў слупе вогненным.
15 Дык калі гэты народ выб'еш да апошняга чалавека, народы, каторыя пра гэта пачуюць, скажуць аб Табе:
16 «Госпад ня мог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён выбіў іх у пустыні!»
17 Дык хай праславіцца моц Госпада, як Ты запрысяг, кажучы:
18 «Госпад цярплівы і бязьмежнага міласэрдзя, Які прабачае правіны і грахі і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага пакаленьня».
19 Дык даруй правіну народу гэтаму дзеля вялікай ласкавасьці Тваёй, як Ты прабачаў народу гэтаму ад Эгіпту аж дасюль».
20 І сказаў Госпад: «Вось жа Я прабачаю паводле слова твайго.
21 Але, як Я жывы, хвала Госпада напоўніць усю зямлю!
22 Усе людзі, каторыя бачылі славу Маю і знакі, каторыя чыніў Я ў Эгіпце і ў пустыні, а ўсё ж такі спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў, ды ня слухалі голасу Майго,
23 не пабачаць яны зямлі, якую запрысяг Я бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня будзе аглядаць яе.
24 Толькі слугу Майго Калеба, поўнага іншага духа, каторы ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, у каторую ён ўжо ўвайшоў, і патомства ягонае авалодае ёю.
25 Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах; заўтра падымеце табар і вернецеся ў пустыню ў накірунку Чырвонага мора».
26 І далей казаў Госпад Майсею і Аарону:
27 «Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля.
28 Дык скажы ім: «Жыву Я, кажа Госпад. Як вы гаварылі, Я пачуў, і гэтак зраблю вам!
29 У гэтай пустыні пападаюць трупы вашыя! Усе, што наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, палічаны.
30 Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на каторай Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефунны, і Ешуа, сына Нуна.
31 А дзяцей вашых, аб каторых вы казалі, што яны будуць здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб аглядалі зямлю, якою вы ўзгардзілі.
32 Што да вас, то вашыя трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні.
33 А сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.
34 Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, год будзе залічаны за дзень, значыць, сорак гадоў вы будзеце пакутаваць за грахі вашыя і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.
35 Я, Госпад, сказаў і гэтак зраблю гэтаму ліхому зграмаджэньню, каторае бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрэцё».
36 І вось усе тыя людзі, каторых паслаў Майсей на зьведаньне зямлі, і каторыя, вярнуўшыся, справакавалі ўсю супольнасьць да нараканьня, падаючы ліхія весткі аб зямлі,
37 тыя, што разносілі ліхія весткі аб зямлі той, памерлі раптоўна ў прысутнасьці Госпада.
38 Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, каторыя хадзілі выведваць зямлю.
39 Усе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, а народ вельмі засмуціўся.
40 Устаўшы назаўтра рана, узыйшлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовыя мы пайсьці ў зямлю, пра каторую казаў Госпад, бо бачым, што мы саграшылі».
41 Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце волю Госпада? Гэта ня будзе мець посьпеху.
42 Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не пагінулі вы ад ворагаў вашых!
43 Амалек вось і Хананейцы перад вамі, ад іхняга мяча пагінеце, таму што вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада».
44 Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; Каўчэг жа Госпадавага запавету і Майсей ня выйшлі з табару.
45 Тады зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, што пражывалі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 14 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.