1 І сказаў Госпад Майсею:
2 «Адпомсьці за сыноў Ізраэля Мадыянцам, а потым далучыся да народу свайго».
3 Дык зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, каб яны маглі даканаць помсту Госпада над Мадыянцамі.
4 Выбярыце па тысячы мужчынаў з кожнага пакаленьня Ізраэля і пашліце іх на вайну».
5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня, значыць, дванаццаць тысячаў здольных да бою.
6 Іх выправіў Майсей зь Пінхасам, сынам Элеазара сьвятара. Даў ім такжа посуд сьвяты і трубы, каб у трывозе трубіць.
7 Калі па загаду Госпада ваявалі яны супраць Мадыянцаў, выбілі яны ўсіх мужчынаў
8 і каралёў іхніх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэбу, пяць каралёў гэтага народу, а таксама Білеама, сына Бэора, забілі мячом.
9 І ўзялі яны ў палон жанчынаў іхніх і дзяцей, і як здабычу ўзялі ўсю жывёлу іхнюю і ўсю маёмасьць,
10 а гарады, пасяленьні і табары іхнія спалілі агнём.
11 І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.
12 І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсяе супольнасьці сыноў Ізраэля ў табар на раўнінах Маабу над Ярданам насупраць Ерыхону.
13 Майсей, сьвятар Элеазар і ўсе князі супольнасьці выйшлі з табару на сустрэчу ім.
14 І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, каторыя вярталіся з вайны.
15 І ён сказаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчынаў?
16 Ці ж не яны за намовай Білеама паганілі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэора,таму і нішчаны быў народ Госпадаў?
17 Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, каторыя жылі з мужчынамі.
18 Дзяўчат жа і ўсіх жанчынаў, ня жыўшых з мужчынамі, пакіньце сабе.
19 І вы будзьце па-за табарам сем дзён. Хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашыя палонныя.
20 Таксама адзеньне і ўсе вырабы са скуры, і што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы павінны быць ачышчаны».
21 Так вось сказаў Элеазар сьвятар ваярам, каторыя былі на вайне: «Такое прыказаньне закону, якое загадаў Госпад Майсею:
22 Золата, серабро, медзь, жалеза, цына, волава
23 і агулам усё, што можа прайсьці праз агонь, хай агнём будзе ачышчана. Што не пераносіць агня, хай будзе асьвечана вадой ачышчэньня.
24 Сёмага дня памыеце адзеньне вашае і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў табар».
25 Потым гэтак сказаў Госпад Майсею:
26 «Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і начальнікі родаў.
27 І падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж ўсёй грамадой.
28 І выдзеліш частку Госпаду ад тых, што ваявалі, і каторыя былі на вайне — адно жывое на пяцьсот, як зь людзей, так і з валоў, аслоў і авец.
29 І дасі гэта Элеазару сьвятару як ахвяру Госпаду.
30 А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку зь пяцідзесяці: зь людзей, валоў, аслоў і авец, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, каторыя служаць пры Скініі Госпада».
31 Майсей і сьвятар Элеазар усё выканалі, як ім загадаў Госпад.
32 А здабыча, якую ваяры здабылі, лічыла шэсьцьсот семдзесят пяць тысячаў авец,
33 семдзесят дзьве тысячы валоў,
34 шэсьцьдзесят адну тысячу аслоў,
35 а людзей, значыць дзяўчат, каторыя яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзьве тысячы.
36 Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,
37 і з гэтага Госпаду далі шэсьцьсот семдзесят пяць авец,
38 трыццаць шэсьць тысячаў валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,
39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, зь іх Госпаду далі семдзесят два.
40 Наастатак шаснаццаць тысячаў дзяўчат, зь якіх Госпаду далі трыццаць дьзве асобы.
41 Вось жа аддаў Майсей сьвятару Элеазару дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загаду, дадзеным Госпадам Майсею.
42 А палова для сыноў Ізраэля, каторую ўзяў Майсей у быўшых на вайне, складала:
43 трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,
44 трыццаць шэсьць тысячаў валоў,
45 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў
46 і шаснаццаць тысячаў дзяўчат.
47 З гэтае часткі, належнай сынам Ізраэля, узяў Майсей адну пяцідзесятую частку зь людзей і жывёлы і аддаў яе левітам, якія служылі пры Скініі Госпада, як загадаў Госпад Майсею.
48 І вось прыйшлі да Майсея ваяры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,
49 і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, праверылі лічбу ваяроў, каторых мы мелі пад сваёй рукой, і высьвятлілася, што ні адзін не загінуў.
50 Дзеля гэтае прычыны прынесьлі мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: бранзалеты, наплечнікі, пярсьцёнкі, кольцы і нашыйнікі — для ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам».
51 Дык узялі тады Майсей і сьвятар Элеазар золата і ўсе каштоўнасьці.
52 Золата ж, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысячаў семсот пяцьдзесят сыкляў.
53 А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.
54 Дык Майсей і сьвятар Элеазар узялі золата ад тысячнікаў і занесьлі ў Палатку Сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.