1 У першы месяц другога году па выхадзе з Эгіпту сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сынай:
2 «У вызначаны час Ізраэльцы павінны сьвяткаваць Пасху.
3 Будзеце яе сьвяткаваць чатырнаццатага дня гэтага месяца вечарам паводле ўсіх адносна яе законаў і звычаяў».
4 Загадаў вось Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху.
5 Дык яны і спраўлялі Пасху ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца вечарам у пустыні Сынай. Паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, рабілі сыны Ізраэля.
6 Вось жа знайшліся людзі, каторыя дзеля дакрананьня нябожчыка сталіся нячыстымі і не маглі ў той дзень спраўляць Пасху, дык прыйшлі яны да Майсея і Аарона,
7 і сказалі ім: «Мы нячыстыя дзеля дакрананьня нябожчыка, але дзеля чаго мы пазбаўлены таго, каб спаміж сыноў Ізраэля ў вызначаны час маглі скласьці ахвяры Госпаду?»
8 Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад».
9 Адказаў Госпад Майсею гэтак:
10 «Скажы сынам Ізраэля: Чалавек з вас ці з патомкаў вашых, каторы стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху
11 ў чатырнаццаты дзень другога месяца вечарам; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай яе спажываюць.
12 Хай не пакідаюць зь яе анічога да раніцы, таксама косткі яе ня будуць ламаць. Хай увесь парадак Пасхі дакладна захаваюць.
13 Калі ж хто чысты і не ў дарозе, а аднак Пасхі не спраўляе, вынішчана будзе душа тая з народу свайго, бо ён ня склаў ахвяры Госпаду ў свой час. Ён сам адкажа за грэх свой.
14 Падарожнік і прыбылец, калі б такія жылі б у вас, хай спраўляюць Пасху паводле закону і звычаяў Пасхі. Загад той самы будзе ў вас і чужынцу, і тутэйшаму».
15 У дзень, у каторы была пастаўлена Скінія, воблака накрыла Скінію разам з Палаткай Сьведчаньня, ды ад вечара да раніцы заставалася над Скініяй у выглядзе агня.
16 І так было заўсёды: днём пакрывала яе воблака, а ноччу — як бы бляск агню.
17 Калі воблака, каторае пакрывала Скінію, падымалася над Скініяй, тады сыны Ізраэля выходзілі ў паход, а на тым месцы, дзе затрымоўвалася, там раскладаліся табарам.
18 На загад Госпада выходзілі яны ў дарогу і на Ягоны загад раскладаліся табарам. Усе дні, у якія воблака стаяла над Скініяй, яны заставаліся ў тым самым месцы.
19 Вось жа здаралася, што воблака доўгі час трымалася над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада не выходзілі ў дарогу.
20 Але здаралася таксама, што воблака кароткі час стаяла над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада раскладаліся табарам і па тым жа загадзе рушылі ў дарогу.
21 Было і так, што воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на раніцы падымалася, тады і яны зьбіраліся ў дарогу. Часам стаяла воблака дзень і ноч, і як толькі яно падымалася, яны зараз жа выходзілі ў дарогу.
22 Вось жа калі два дні, або месяц, або некалькі дзён стаяла воблака над Скініяй, то і сыны Ізраэля стаялі і не зьбіраліся ў дарогу.
23 Па волі Госпада раскладаліся табарам, і на слова Госпада выпраўляліся ў паход; трымаліся яны волі Госпада і загадаў, даваных праз Майсея.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 9 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.