1 Калі Білеам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэля, дык не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў ён аблічча сваё на пустыню.
2 Калі падняў ён вочы і ўбачыў Ізраэля, што стаяў табарам па сваіх пакаленьнях, агарнуў яго Дух Божы,
3 і абвясьціў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у каторага адкрытыя вочы,
4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць бачаньні Ўсемагутнага, той, хто падае, але вочы адкрытыя ў яго.
5 О як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю!
6 Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як дрэвы алёэ, каторыя Госпад пасадзіў, як кедры між водамі.
7 Цячэ вада зь нетраў ягоных, і зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Кароль яго мацнейшы, чым Агаг, і ўзвышаецца каралеўства ягонае.
8 Бог вывеў яго з Эгіпту, Ён для яго як рог буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, косьці іхнія паломіць і струшчыць стрэламі сваімі.
9 Ён прыхіліўся, лёг як леў ды як ільвіца, хто адважыцца падняць яго? Хто дабраславіць цябе, сам будзе дабраслаўлены; хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!»
10 І разгневаўся на Білеама Балак, і, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў маіх паклікаў я цябе. А іх ты ўжо трэці раз дабраславіш!
11 Уцякай хутчэй да свайго дому! Хацеў я цябе багата аднагарадзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай нагароды».
12 Білеам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я:
13 Хоць бы Балак даваў мне поўны свой дом серабра або золата, не магу працівіцца слову Госпада. Ці што добрае, ці што ліхое ня выкажу з сэрца майго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу.
14 Дык вось, я вярнуся да народу майго, але падыйдзі, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».
15 І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, каторы мае адкрытыя вочы,
16 кажа той, хто чуе словы Божыя, каторы ведае думку Ўзвышняга і бачыць бачаньні Ўсемагутнага, каторы, падаючы, мае адкрытыя вочы.
17 Бачу яго, але яшчэ не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка зь Якуба, паўстае скіпер зь Ізраэля; і ён струшчыць скроні Маабу і чарапы ўсіх сыноў Сэта.
18 Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір стане спадчынай ворагаў. Ізраэль будзе рабіць вялікія справы.
19 Ад Якуба будзе валадар, і зьнішчыць ён астаткі гораду».
20 Калі ўбачыў ён Амалека, абвясьціў прароцтва сваё і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але да рэшты ён будзе зьнішчаны».
21 Угледзеў таксама Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае тваё гняздо;
22 але і яно прызначанае на зьнішчэньне, калі Асур зьняволіць цябе».
23 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?
24 Прыплывуць караблі з Кітыму, і перамогуць Асура, і паканаюць Эбэра, але ўрэшце і самі загінуць».
25 І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў сваё месца, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.