1 І зноў сказаў Госпад Майсею:
2 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца Госпаду,
3 мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, ад ўсяго п'янкога, воцату зь віна ды ўсякага іншага піцьця, што выціскаецца зь вінаграду. Хай не ядуць таксама сьвежага вінаграду і сушанага.
4 Ва ўсе дні, у якія з шлюбаваньня пасьвяціліся Госпаду, ня будзе (такі чалавек) есьці нічога зь вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.
5 Увесь час пасьвячэньня нажніцы не дакрануцца галавы. Аж да спыненьня часу, на які ён пасьвяціўся Госпаду, будзе ён сьвяты ды мае даць свабоду валасам расьці на галаве.
6 Увесь час пасьвячэньня Госпаду не павінен ён падыходзіць да нябожчыка.
7 Хай пры паховінах нават бацькі, маткі, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
8 Ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для Госпада.
9 А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, то астрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго.
10 У восьмы ж дзень прынясе двух туркоў або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
11 Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня і ачысьціць яго, бо саграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень пасьвяціць галаву яго.
12 Ды зноў пасьвяціць ён Госпаду дні пасьвячэньня свайго, складаючы ў ахвяру ягнё аднагадовае як аднагараджэньне. Дні папярэднія ня будуць залічаны яму, бо спаганіў сваё пасьвячэньне.
13 Такі вось закон пасьвячэньня. Калі дні, якія шлюбаваў, скончацца, прывядуць яго да ўваходу ў Палатку Сустрэчы,
14 а ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэлапаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і адно ягня без заганы ў ахвяру прымірэньня,
15 і кошык хлябоў прэсных з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, запраўленых алеем, поруч з належнай да іх ахвярай зь яды і ахвярай вадкай.
16 Сьвятар занясе ўсё гэта перад Госпада і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня.
17 Ягнёнка ж складзе Госпаду ў ахвяру прымірэньня разам з кошыкам праснакоў. Потым складзе сьвятар ахвяру зь яды і ахвяру вадкую.
18 Тады абстрыжэ назір ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы валасы свайго пасьвячэньня і кіне іх у агонь, у каторым гарыць ахвяра прымірэньня.
19 Потым возьме сьвятар звараную лапатку барана, хлеб прэсны з каша і прэсную аладку і складзе іх на рукі назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён галаву свайго пасьвячэньня.
20 І сьвятар дары ахвярныя патрасе перад Госпадам; гэта бо дар сьвяты, які належыць сьвятару, апрача грудзіны патрасаньня і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасьля гэтага назір можа піць віно.
21 Такі вось закон адносна назіра, каторы шлюбаваў ахвяру сваю Госпаду за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму дастатак ягоны. Паводле шлюбаваньня свайго, якое ён дасьць, павінен ён рабіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».
22 І казаў яшчэ Госпад Майсею:
23 «Скажы Аарону і сынам ягоным: Гэтак вось маеце вы дабраславіць сынам Ізраэля і казаць ім:
24 Хай дабраславіць цябе Госпад і сьцеражэ цябе!
25 Хай спагадна гляне Госпад на цябе і пашкадуе цябе!
26 Хай зьверне Госпад аблічча Сваё на цябе і хай дасьць табе супакой!
27 Хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду ім дабраславіць».