1 Затым народ выйшаў з Гацэроту і разлажыўся табарам у пустыні Паран.
2 І сказаў Госпад Майсею:
3 «Пашлі людзей, каторыя выведалі б зямлю Ханаан, каторую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным з кожнага пакаленьня іх бацькоў».
4 Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей; і паслаў іх Майсей з пустыні Паран, а ўсе яны князі ў сыноў Ізраэля.
5 Вось імёны іх: з пакаленьня Рубэна — Шамуа, сын Закура;
6 з пакаленьня Сымона — Шафат, сын Харэя;
7 з пакаленьня Юды — Калеб, сын Ефунны;
8 з пакаленьня Ісахара — Ігаль, сын Язэпа;
9 з пакаленьня Эфраіма — Ошэа, сын Нуна;
10 з пакаленьня Бэн'яміна — Пальцы, сын Рафу;
11 з пакаленьня Забулёна — Гадыэль, сын Соды,
12 з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы — Гады, сын Сусі,
13 з пакаленьня Дана — Аміэль, сын Гемальлі,
14 з пакаленьня Асэра — Сэтур, сын Мікаэля,
15 з пакаленьня Нэфталі — Нагбі, сын Вафшы,
16 з пакаленьня Гада — Геўэль, сын Махі.
17 Гэта вось імёны мужчынаў, пасланых Майсеем для выведваньня зямлі (Ханаан). Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуам.
18 Пасылаючы іх дзеля выведваньня зямлі Ханаан, Майсей сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгэб. Калі прыйдзеце ў горы,
19 разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія?
20 І сама зямля ці добрая, ці ліхая? Якія гарады: ці абмураваныя, ці без муроў?
21 Ці глеба ўрадлівая, ці пустая, заросшая дрэвамі, ці бяз дрэваў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». Быў жа час дасьпяваньня вінаграду.
22 Яны пайшлі і разьведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэгоб паблізу Хамату.
23 І дайшлі да Нэгэбу, а адтуль прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Шэшай, і Тальмай, сыны Анака. А Геброн пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цоан, горад Эгіпецкі.
24 Дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі вінаградную галінку з гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два мужчыны. Узялі таксама яблыкаў гранатавых і фігаў і несьлі з таго месца.
25 І назвалі яго далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраэля несьлі гронку вінаграду.
26 І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абыйшоўшы ўвесь тот край.
27 І прыйшлі да Майсея і Аарона, і ўсей супольнасьці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, у Кадэш. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсім сабраўшымся.
28 І так вось расказвалі: «Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, каторая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можаш пераканацца з гэтых пладоў.
29 Але жыхароў мае яна дужых і гарады вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама сыноў Анака.
30 Амалекцы жывуць у Нэгэбе; Гетыты, і Ебусэі, і Амарэйцы — у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на берагах Ярдану».
31 Калеб супакойваў абурэньне народу супраць Майсея, кажучы: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы можам авалодаць ёю».
32 Іншыя ж, каторыя былі зь ім, казалі: «Ніякім чынам ня зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».
33 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы аглядалі, пажырае жыхароў сваіх, а народ, які мы бачылі, — высокага росту.
34 Бачылі мы там волатаў, сыноў Анака, з роду волатаўскага, і ў нашых вачах мы выглядалі як шаранча, і такімі ж мы былі ў іхніх вачах».