1 І прамовіў зноў Госпад да Майсея:
2 «Загадай сынам Ізраэля выдаліць з табару ўсіх пракажаных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.
3 Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце з табару, каб не паганілі табару, дзе Я жыву паміж вамі».
4 Так і зрабілі сыны Ізраэля, і выдалілі іх па-за табар, як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.
5 Далей загадаў Госпад Майсею, кажучы:
6 «Скажы сынам Ізраэля: Калі мужчына або жанчына дапусьціцца якога грэху адносна людзей, і парушыць загад Госпадаў, то будзе той чалавек вінаваты.
7 Дык няхай яны вызнаюць грэх свой і аддадуць тое, што забранае, з дадаткам пятай часткі таму, перад кім саграшылі.
8 Калі ў яго няма чалавека, катораму мог бы зьвярнуць, дык мусіць Госпаду пасьвяціць гэта, хай будзе гэта сьвятару, апрача барана, ахвяраванага на ўміласьціўленьне, каб ім ачысьціць яго.
9 Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраэля, яму належаць.
10 Сьвятыя дары кожнага Ізраэльца будуць належаць сьвятару. Усё, што хто дасьць сьвятару, яму належыць».
11 Сказаў зноў Госпад Майсею:
12 «Вось што скажы сынам Ізраэля: Муж, жонка каторага распусьнічала, ашукваючы мужа,
13 ды спала з чужым мужчынам, і муж яе пра гэтя ня ведае, і дапусьцілася яна нячыстасьці, але сьведкаў на пацьвярджэньне няма, каторыя злавілі б яе на распусьце,
14 і дух падазрэньня ахапіў мужа супраць сваёй жонкі, ці яна сапраўды спракудзілася, ці не,
15 дык хай прывядзе ён яе да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзесятую частку эфы мукі ячменнай. Ня вылье аднак на яе алею ані не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра падазрэньня, ахвяра выяўленьня, каторая мае выявіць віну.
16 Дык хай прывядзе яе сьвятар і паставіць перад Госпадам.
17 Хай возьме сьвятар пасьвенчанай вады ў гліняны посуд і хай возьме зямлі з падлогі Скініі і ўложыць у ваду.
18 І цяпер паставіць сьвятар жанчыну перад Госпадам, адкрые ёй валасы ды паложыць на яе рукі ахвяру выяўленьня або падазрэньня; ваду ж горкую, якая нясе праклён, сьвятар будзе трымаць у сваёй руцэ.
19 Тады запрысягне жанчыну і скажа ёй: «Калі сапраўды ніводзін мужчына не ляжаў з табой, і калі зь іншым не спаганілася ты што да мужа твайго, тады вада горычы і праклёну не прынясе табе шкоды,
20 калі аднак была ты нявернай свайму мужу ды сталася праз гэта нячыстая, бо іншы мужчына, а ня твой муж ляжаў з табой, выліваючы (насеньне),» —
21 тады сьвятар пракляне жанчыну прысягай праклёну і скажа ёй: «Хай аддасьць цябе Госпад праклёну і клятве ў народзе тваім, і хай счэзьне ўлоньне тваё і апухне жывот твой.
22 Хай вада праклёну пранікне ў нутро тваё, каб апух жывот твой ды апала ўлоньне тваё». Жанчына адкажа: «Амэн, амэн».
23 І напіша сьвятар на скрутку словы праклёну, а пасля змые іх вадою горычы
24 і дасьць выпіць жанчыне горкую ваду, якая нясе праклён, каб вада праклёну пранікла ў яе і спрычыніла горкі боль.
25 Потым возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру падазрэньня, і патрасе перад Госпадам, і складзе яе на ахвярніку.
26 Потым возьме зь яе поўнай жменяй частку яе як памятную частку і спаліць яе на ахвярніку, а затым дасьць жанчыне выпіць вады.
27 Калі вып'е жанчына ваду праклёну і калі сапраўды была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну пранікне ў яе, выклікаючы горкі боль. Улоньне яе ападзе і жывот апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім.
28 Калі аднак тая жанчына не была нячыстай, але, наадварот, чыстай, то застанецца бяз шкоды і зноў будзе нараджаць дзяцей».
29 Такі вось закон адносна падазрэньня, калі жонка не стрымае вернасьці свайму мужу і праз гэта станецца нячыстай,
30 або калі муж ейны стане яе падазраваць, тады ён паставіць яе перад Госпадам, а сьвятар споўніць усё, што прадпісана.
31 Муж яе будзе безь віны, а тая жонка адкажа за грэх свой.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 5 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.