1 Дык сказаў тады Госпад Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце адказныя за праступкі, дапушчаныя ў Скініі. Ты і сыны твае будзеце адказныя за грахі вашага сьвятарства.
2 Вазьмі сабе таксама братоў тваіх, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Палатцы Сустрэчы.
3 Хай рупяцца яны пра тое, што патрэбнае для цябе і для Скініі. Але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня могуць яны прыступацца, каб не памерлі і яны, і вы разам зь імі.
4 Хай будуць яны пры табе і хай рупяцца пра ўсё адносна Палаткі Сустрэчы, пра ўсю службу ў Скініі. Але ніводзін чужынец ня можа набліжацца да вас.
5 Вы рупцеся пра абслугу Скініі ды пра абслугу ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.
6 Вось жа ўзяў Я братоў вашых, левітаў, спасярод сыноў Ізраэля і даў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў Палатцы Сустрэчы.
7 І ты і сыны твае беражыце сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да абслугі ахвярніка і месца за заслонай. Даю Я вам дар службы сьвятарства, а хто чужы прыступіцца, пакараны будзе сьмерцю».
8 Далей казаў Госпад Аарону: «Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, каторыя пасьвячаюцца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэньне сьвятарскае як закон вечны.
9 З дароў найсьвяцейшых, за выключэньнем тога, што будзе спалена, возьмеш сабе кожны дар і ахвяру за грэх, ахвяру зь яды і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як рэчы найсьвяцейшыя будуць яны належаць табе і сынам тваім.
10 У месцы найсьвяцейшым будзеш іх есьці; толькі мужчыны могуць есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.
11 Дары ахвярныя, патрасаныя парад Госпадам, якія складаюць сыны Ізраэля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.
12 Табе Я даю ўсё, што найлепшае з алею, усё, што найлепшае зь віна і збожжа, каторае сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.
13 І пяршыны, каторыя яны прыносяць Госпаду з усёй іхняй зямлі, належаць табе. Кожны, хто чысты спаміж тваёй сям'і, можа іх спажываць.
14 Усё, што заклятае ў Ізраэлю, тваім будзе.
15 Усе першародныя ўлоньня маткі, каторыя прыносяцца ў ахвяру Госпаду, ці зь людзей, ці з жывёлы, тваімі будуць. Што да людзей першародных і кожнай жывёлы, каторая нячыстая, іх трэба выкупіць.
16 Выкуп бярэцца празь месяц па нараджэньні ў пяць сыкляў серабра па вазе сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
17 Першародных кароваў, авец і козаў ня будзеш выкупляць, бо яны пасьвячаны Госпаду. Іхнюю толькі кроў выльеш на ахвярнік, а тлушч іх спаліш у агні на мілы пах Госпаду.
18 Мяса ж іхняе табе належыць, грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.
19 Усе дары сьвятыя, якія ахвяроўваюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны. Гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і сыноў тваіх».
20 Далей казаў Госпад Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець ніякай уласнасьці і ня будзеш мець між імі часткі зямлі. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраэля.
21 Вось жа сынам Левія даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны, складаныя сынамі Ізраэля, за служэньне, якое яны выконваюць для Мяне ў Палатцы Сустрэчы.
22 Сыны ж Ізраэля не павінны прыступаць да Палаткі Сустрэчы, каб не дапусьціліся грэху ды не памерлі.
23 Адны толькі левіты могуць выконваць служэньне ў Палатцы Сустрэчы і несьці на сабе грэх іхні. Гэта закон вечны для нашчадкаў вашых. Левіты ня будуць мець спадчыны між сынамі Ізраэля,
24 бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду. Дзеля таго сказаў Я ім: Між сыноў Ізраэля ня будзеце вы мець спадчыны».
25 Пасьля гаварыў Госпад Майсею:
26 «Аб'яві левітам і скажы ім: Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, каторыя Я даў вам у спадчыну, то дзесятую частку маеце адкласьці Госпаду.
27 Гэта будзе вам залічана як ахвяра ад збожжа з току або ад тога, што напаўняе тоўчню.
28 І вы таксама павінны складаць Госпаду ахвяры зь дзесяцінаў, каторыя атрымоўваеце ад сыноў Ізраэля; прынясіце Госпаду і дайце сьвятару Аарону.
29 З усяго, што атрымліваеце зь дзесяцін, выдзеліце дары Госпаду, і хай будуць яны найлепшыя і адборныя.
30 І скажы ім: Калі вы зложыце ў ахвяру зь дзесяцінаў што адборнае і найлепшае, то гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і з тоўчні.
31 Можаце гэта есьці на кожным месцы разам з усімі, хто належыць да вашых сем'яў. Гэта бо плата за вашую службу ў Палатцы Сустрэчы.
32 Калі адберыцё тое, што найлепшае, не саграшыце, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраэля, і не памрыцё».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 18 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.