1 Сыны Рубэна і Гада мелі дужа многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Гілеад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
2 прыйшлі яны да Майсея, і Элеазара, і начальнікаў супольнасьці і сказалі ім:
3 «Вось жа Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэбам, Нэбо і Бэон,
4 зямля, якую Госпад даў супольнасьці Ізраэля, край ураджайны, прыдатны для гадоўлі быдла, і вось мы, слугі твае, маем многа жывёлы».
5 І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас за Ярдан».
6 Адказаў ім Майсей: «Няўжо калі браты вашыя пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
7 Чаму вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраэля, каб ня мелі яны адвагі перайсьці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
8 Ці ня так зрабілі бацькі вашыя, калі паслаў я іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю?
9 Калі дайшлі яны аж да даліны Эшколь, выведаўшы ўвесь той край, збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
10 І Госпад узгарэўся гневам і сказаў:
11 «Ня ўбачаць гэтыя людзі, выйшаўшыя з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, тае зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу, бо не захацелі Мяне слухаць,
12 за выняткам Калеба, сына Ефунны, Кенезеяніна, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!»
13 І гневаўся Госпад на Ізраэля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль ня вымерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло на віду Госпада.
14 Так і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашыя, збунтаваліся, каб павялічыць лютасьць гневу Госпадавага на Ізраэля.
15 Калі зноў не захочаце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол, і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
16 Яны падыйшлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загоны для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,
17 а самі, узброеныя і прыгатаваныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іхнія месцы. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах абмураваных дзеля небясьпекі ад жыхароў зямлі гэтай.
18 Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасьцю.
19 Мы ня будзем шукаць уласнасьці за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю спадчыну на ўсходнім беразе Ярдана».
20 Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою,
21 і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад ня выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
22 і, па авалоданьні ўсёй зямлёй, вернецеся ў гэтую зямлю, тады ня будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю на ўласнасьць перад Госпадам.
23 А калі тое, што кажаце, ня споўніце, вы дапусьціцеся грэху перад Госпадам, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загоны авечкам вашым, але тое, што прыраклі, споўніце».
25 Сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш.
26 Нашыя дзеці, жанчыны, жывёлы і стады застануцца ў гарадах Гілеадзкіх,
27 а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадаў гаспадар наш».
28 Дык Майсей загадаў сьвятару Элеазару, і Ешуа, сыну Нуна, і начальнікам родаў усіх пакаленьняў Ізраэля,
29 і сказаў ён ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб па волі Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Гілеад на ўласнасьць.
30 А калі не захочуць разам з вамі, узброеныя, ісьці ў зямлю Ханаан, атрымаюць пасяленьні паміж вас».
31 Дык сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад слугам Сваім, так і зробім.
32 Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан, і возьмем спадчыну нашую за Ярданам».
33 І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, каралеўства Сыгона, караля Амарэйцаў, і каралеўства Ога, караля Башану, зямлю з гарадамі і гарады ваколічныя.
34 І збудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
35 Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,
36 і Бэт-Німру і Бэт-Гаран, абмураваныя гарады і загоны для сваіх стадаў.
37 Сыны ж Рубэна збудавалі Хешбон, Элеале і Кірыятаім,
38 Нэбо, Бааль-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і далі назвы гарадам, каторыя адбудавалі.
39 Сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Гілеад і занялі яго, выгнаўшы Амарэйцаў, што жылі ў ім.
40 Дык даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, каторы і абжыўся ў ім.
41 Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі Амарэйцаў, каторыя назваў Хават-Яір.
42 Нобах таксама вырушыў, і захапіў Кенат зь яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем, Нобах.