1 Вось такі радавод Аарона і Майсея, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сынай.
2 Вось гэтыя імёны сыноў Аарона: перашароднік Надаб, потым Абігу, і Элеазар, і Ітамар.
3 Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, пасьвечаных, каб спаўнялі сьвятарскую службу.
4 Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сынай, калі хацелі скласьці ў ахвяру чужы агонь, ды памерлі яны бязьдзетныя, дык спаўнялі сьвятарскую службу на віду бацькі свайго, Аарона, Элеазар і Ітамар.
5 Прамовіў зноў Госпад да Майсея, кажучы:
6 «Прывядзі пакаленьне Левія і пастаў яго на віду Аарона сьвятара, хай яны паслугуюць яму.
7 Хай рупяцца пра ўсё, што належыцца яму ды ўсёй супольнасьці адносна Палаткі Сустрэчы, каб выконваць службу пры Скініі,
8 і хай захоўваюць усе прыналежнасьці Палаткі Сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, каб выконваць службу пры Скініі.
9 Аддай левітаў Аарону і сынам ягоным, хай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраэля.
10 А Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю сьвятарскай. Калі б хто чужы прыступіў да службы, мае быць пакараны сьмерцю».
11 Далей казаў Госпад Майсею:
12 «Вось жа Я выдзяліў левітаў спасярод сыноў Ізраэльскіх на месца ўсіх першародных, народжаных з улоньня маткі, таму левіты будуць Маімі.
13 Мой бо кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай выбіў Я ўсё пешароднае, пасьвяціў Я Сабе ўсё першароднае ў Ізраэля, пачынаючы ад чалавека аж да жывёлы. Яны ўсе Мае! Я Госпад!»
14 Гаварыў далей Госпад Майсею на гары Сынай:
15 «Палічы сыноў Левія па сем'ях іх і плямёнах іх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».
16 Дык палічыў іх Майсей, як загадаў яму Госпад.
17 І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
18 А вось імёны сыноў Гершона па родах іх: Лібні і Шымэй.
19 Сыны Кегата па родах іх: Амрам, Іцгар, Геброн і Узіэль.
20 Сыны Мэрары па родах іх: Махлі і Мушы. Вось жа гэта роды Левія па сем'ях бацькоў іх.
21 Ад Гершона паходзяць сям'я Лібні і сям'я Шымэя.
22 Лічба сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот.
23 Яны будуць разьмяшчацца за Скініяй на захад.
24 Галавой роду Гершона быў Эліясаф, сын Ляэля.
25 Сынам Гершона ў Палатцы Сустрэчы была даручана сама Скінія, Палатка і яе пакрыцьцё, а таксама заслона пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
26 Далей заслоны панадворку, а таксама заслона пры выхадзе на панадворак, каторы акружае Скінію і ахвярнік, а наастатак вяроўкі, патрэбныя для службы.
27 Ад Кэгата паходзяць сем'і: Амрама і Іцгара, Геброна і Узіэля. Гэта вось сем'і Кегатавы.
28 Усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот; яны мелі апекавацца Скініяй.
29 Сем'і Кегата раскладалі табар з паўднёвага боку Скініі.
30 Галавой роду Кегата быў Эліцафан, сын Узіэля.
31 Мелі яны рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, а таксама пра прылады Скініі, прызначаныя на службу Божую, наастатак пра заслоны і абслугу яе.
32 Начальнікам князёў сем'яў левітаў быў Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі службы ў сьвятыні.
33 Ад Мэрары паходзяць сем'і Махлі і Мушы; гэта сем'і Мэрарыевыя.
34 Поўны лік сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце.
35 Галавой сем'яў Мэрары быў Цурыэль, сын Абігаіля. Яны ставілі табар з паўночнага боку Скініі.
36 Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Скініі, іхнія папярочкі, слупкі разам з падставамі і ўсе рэчы, патрэбныя для ейнай абслугі,
37 і слупкі панадворку з усіх бакоў, і іхнія падставы, і колцы іх зь вяроўкамі.
38 А зь пярэдняга боку Скініі, на ўсход перад Палаткай Сустрэчы стаўлялі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, каторым даручана сьвятыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, меў быць пакараны сьмерцю.
39 Поўная лічба левітаў, сьпісаных Майсеем па загаду Госпада, мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы.
40 І загадаў Госпад Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў Ізраэльцаў у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх паіменна,
41 і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых. Я — Госпад. Таксама вазьмі іхнюю жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёлы спаміж жывёлы сыноў Ізраэлевых».
42 Дык палічыў Майсей на загад Госпада першародных Ізраэльцаў.
43 І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.
44 Дык зноў загадаў Госпад Майсею:
45 «Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных Ізраэльцаў разам з жывёлай левітаў на замену іхняе жывёлы. Левіты будуць Маімі. Я — Госпад.
46 Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзесят трох, з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,
47 вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, па вазе сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
48 Дасі сярэбранікі Аарону і яго сынам як выкуп за тых застаўшыхся».
49 І ўзяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі.
50 Дык вось ад першародных сыноў Ізраэлевых дастаў сярэбранікаў тысячу трыста шэсьдзесят пяць (сыкляў) па вазе сыкля сьвятыні.
51 І аддаў Майсей серабро выкупу Аарону і сынам яго на загад Госпада, як сказаў яму Госпад.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 3 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.