1 І пачаў народ наракаць на Госпада, як бы стогнучы ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада і зьнішчыў крайнюю частку табара.
2 Тады народ стаў прызываць Майсея, і Майсей маліў Госпада, і агонь спыніўся.
3 І назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся супраць іх агонь Госпадаў.
4 Іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, сталі адчуваць нястачу, і разам зь імі сыны Ізраэля, плакалі і наракалі: «Хто дасьць нам наесьціся мяса?
5 Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу. Памятаем агуркі, дыні, цыбулю і часнык.
6 Горла нашае ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».
7 Манна ж была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.
8 Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі зь яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.
9 Калі ноччу раса ападала на табар, адначасова ападала і манна.
10 Вось жа Майсей чуў, як народ плача і наракае сем'ямі, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэўся гнеў Госпадаў, і гэта невыносным было Майсею.
11 Дык кажа Майсей Госпаду: «Чаму Ты мучыш слугу Свайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў Цябе? Ды чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народу гэтага?
12 Ці ж зь мяне пачаўся ўвесь гэты народ або зь мяне нарадзіўся, што Ты кажаш мне: «Насі яго ў сэрцы тваім, як носіць пястунка дзіцятка, ды занясі яго ў зямлю, якую запрысяг Ты бацькам нашым?»
13 Адкуль узяць мне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: «Дай нам мяса, каб маглі наесьціся!»
14 Не магу адзін насіць увесь гэты народ, бо ён зацяжкі для мяне.
15 Калі Ты такім чынам абыходзішся са мною, дык прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я болей няшчасьця майго!»
16 Тады сказаў Госпад Майсею: «Скліч Мне семдзесят чалавек спасярод старшыняў Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі разважныя і ўмеюць кіраваць, і прывядзі іх у Палатку Сустрэчы; хай там стаяць разам з табой,
17 а Я зыйду і буду гаварыць з табою. Вазьму тады з духа твайго і перадам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты быў ім абцяжараны.
18 А народу скажы: «Ачысьцьцеся, заўтра будзеце есьці мяса, бо Я пачуў плач ваш: «Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце». Вось жа дасьць вам Госпад мяса, і будзеце есьці,
19 і не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,
20 але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Каторы паміж вас, ды наракалі на Яго, кажучы: Чаму выходзілі мы з Эгіпту?»
21 І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: «Я дам ім есьці мяса цэлы месяц?»
22 Ці ж усе авечкі і валы будуць забітыя, каб хапіла ім наесьціся? Або ці ўсе рыбы ў моры зьбяруцца ў адно, каб ім хапіла?»
23 Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на дзеле, ці не».
24 Дык выйшаў Майсей і абвясьціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Скініі.
25 А Госпад зыйшоў у воблаку і гаварыў зь ім, і ўзяў з духа, які быў на Майсею, і перадаў сямідзясяці мужам старэйшым. І калі дух супачыў на іх, праракавалі яны, а потым перасталі.
26 Двое чалавек засталіся ў табары, адзін зваўся Эльдад, а другі — Мэдад. На іх таксама зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, толькі не пайшлі ў Палатку. Калі яны праракавалі ў табары,
27 прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму: «Эльдад і Мэдад праракуюць у табары».
28 Ешуа, сын Нуна, каторы ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
29 Але Майсей адказаў: «Ці не зайздросны ты замест мяне? О, каб увесь народ так праракаваў і каб даў ім Госпад Духа Свайго!»
30 Затым Майсей і старшыні Ізраэля вярнуліся ў табар.
31 Раптам падняўся вецер ад Госпада і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны зямлю на два локці вышыні.
32 Дык паўстаў народ і ўвесь той дзень ды ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гамэраў; і разлажылі іх навакол табару.
33 Яшчэ мяса было ў іхніх зубах і не было яшчэ зьедзена, калі зноў узгарэўся гнеў Госпадаў супраць народу і ўдарыў яго Госпад дужа вялікай плягаю.
34 Дзеля таго тое месца названа Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.
35 Выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Гацэрот і там затрымаліся.