1 Вось што кажа Госпад аб намашчэнцы сваім Кіры: «Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб падначаліць народы перад абліччам яго, і каб павярнуць спіны цароў, ды каб адчыніць перад ім дзверы; і брама не замкнецца.
2 Я пайду перад табою і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю.
3 І перадам табе схаваныя скарбы і багацці скрытыя, каб ведаў ты, што Я — Госпад, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраэля,
4 дзеля паслугача Майго Якуба і Ізраэля, выбранніка Майго, Я назваў цябе тваім імем, вызначыў цябе, а ты Мяне не пазнаў.
5 Я — Госпад, і няма іншага. Па-за Мною няма бога. Апаясаў Я цябе, а ты не пазнаў Мяне,
6 каб ведалі ад усходу сонца і ад захаду, што без Мяне няма нічога. Я — Госпад, і няма іншага.
7 Я твару святло і твару цемру, спраўляю супакой і ствараю ліхоту: Я, Госпад, чыню ўсё гэта.
8 Зросьце, нябёсы, зверху, і хмары хай здажджаць справядлівасць, хай раскрыецца зямля і вырасціць збаўленне; і хай разам з’явіцца справядлівасць. Я, Госпад, стварыў яе.
9 Гора таму, хто працівіцца свайму Творцу, чарапок сярод гліняных гаршкоў зямлі! Ці ж скажа гліна ганчару свайму: “Што робіш?” або: “Твая работа бязрукая”?
10 Гора таму, хто кажа бацьку: “Навошта родзіш?”, або маці: “Навошта нарадзіла?”
11 Гэта кажа Госпад, Святы Ізраэлеў, і Скульптар яго: “Ці ж пытаеце вы Мяне пра будучыню для сыноў Маіх і ці загадваеце Мне адносна працы рук Маіх?
12 Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я; рукі Мае дакрануліся да нябёсаў, і даю загады ўсяму іх войску.
13 Я выгадаваў яго ў справядлівасці і кірую ўсімі яго дарогамі; ён адбудуе горад Мой і адашле Маіх палонных без выкупу і аднагараджэння”, — кажа Госпад Магуццяў.
14 Гэта кажа Госпад: “Праца Егіпта і гандаль Этыёпіі, і сабэйцы, людзі рослыя, пяройдуць да цябе і тваімі будуць; за табой будуць хадзіць, прыйдуць у путах і паклоняцца табе, і будуць прасіць цябе малітоўна: “Толькі ў табе — Бог”, і “Апроч Цябе няма бога”».
15 Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраэлеў, Збаўца!
16 Майстры ідалаў засаромеліся і пачырванелі ўсе, адышлі яны ўсе разам на ганьбу.
17 Ізраэль збаўлены збаўленнем вечным у Госпадзе; не будзеце засаромлены ды не пачырванееце аж на векі вечныя.
18 Бо гэта кажа Госпад, Які стварыў нябёсы, Сам Бог, Які ўфармаваў зямлю і стварыў яе, і ўгрунтаваў яе. Стварыў яе, каб не была пустой, але ўфармаваў яе для пражывання: «Я — Госпад, і няма іншага.
19 Не прамаўляў Я патаемна, у цёмным закутку зямлі, не казаў я патомству Якуба: “Дарэмна шукаеце Мяне”. Я — Госпад, прамаўляю справядлівасць, абвяшчаю тое, што правільна.
20 Збярыцеся і прыходзьце і прыступайце разам, якія ўратаваліся з народаў. Не ведаюць [праўды] тыя, якія носяць дрэва разьбы сваёй і просяць бога, які не можа збавіць.
21 Абвясціце і прыходзьце, і параімся разам. Хто даў пачуць пра гэта ад пачатку і гэта прадказаў даўно? Ці ж не Я — Госпад, і няма другога Бога, апроч Мяне? Бога справядлівага, Які збаўляе, апрача Мяне, няма.
22 Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўлены, усе канцы зямлі, бо я — Бог, а іншага няма.
23 Прысягнуў Я Самім Сабою: з вуснаў Маіх выйшла справядлівасць, слова, якое не вернецца; бо перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».
24 «Толькі ў Госпадзе, — скажуць, — справядлівасць і сіла!» Да Яго прыйдуць, і будуць засаромлены ўсе, якія працівяцца Яму.
25 У Госпадзе апраўдаецца і ўславіцца кожны нашчадак Ізраэля.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 45 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.