1 Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла.
2 Памножыў Ты радасць і павялічыў весялосць. Радуюцца яны перад Табою, як радуюцца ў пару жніва, як цешацца, калі дзеляць здабычу.
3 Бо зламаў Ты ярмо цяжару яго, і палку над спіной яго, і жазло ката яго, як у дзень мадыянцаў.
4 Бо кожны бот таго, хто прыходзіць з вайною, і адзенне, залітае кравёю, пойдзе на спаленне, на спажыццё агню.
5 Бо нарадзілася нам Дзіця, дадзены Сын нам, і ўладарніцтва на Яго плячах; і назавуць Яго імем: дзівосны Дарадца, Бог моцны, Айцец вечнасці, Князь міру.
6 Вялікае будзе Яго валадаранне, і не будзе канца супакою на пасадзе Давіда, і над Яго царствам, каб Ён умацаваў яго і ўгрунтаваў на законе і справядлівасці адгэтуль і навечна: руплівае апекаванне Госпада Магуццяў учыніць гэта.
7 Паслаў Госпад слова на Якуба, а ўпала яно на Ізраэль.
8 І даведаецца ўвесь народ: эфраімцы і жыхары Самарыі, якія кажуць з пыхаю і ганарыстасцю сэрца:
9 «Цагліны разваліліся — дык адбудуем з часанага каменя; сікаморы ссечаны — дык заменім кедрамі!»
10 Але Госпад падняў ворагаў на яго ды непрыяцеляў яго абудзіў:
11 сірыйцаў ад усходу, а філістынцаў з захаду, якія жэрлі Ізраэль поўнай пашчай. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго і рука Яго ўсё яшчэ выцягнута.
12 І народ не павярнуўся да Таго, Хто б’е яго, не пачалі яны шукаць Госпада Магуццяў.
13 І адрэзаў Госпад Ізраэлю галаву і хвост, у адзін дзень — пальму і трыснёг.
14 Старэйшына і магнат — гэта галава, а хвост — гэта прарок, які навучае ашуканству.
15 Правадыры гэтага народа — зводнікі, і тыя, кім яны кіравалі, загінулі.
16 Таму Госпад не пашкадуе яго юнакоў, ані злітуецца над яго сіротамі і ўдовамі; бо кожны — бязбожны і ліхі, і кожныя вусны гавораць глупства. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго, а рука Яго аж дагэтуль выцягнута.
17 Разгарэлася бязбожнасць, быццам пажар, які з’ядае калючкі і церні; і ўспыхвае ў гушчары лесу, і круцяцца клубы дыму.
18 Ад гневу Госпада Магуццяў загараецца зямля, і народ — быццам пажыва для агню, чалавек не шкадуе брата свайго.
19 І паглынае ён праваруч, але церпіць голад; з’ядае леваруч — і не наядаецца; кожны жарэ цела блізкага свайго:
20 Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і разам яны — супраць Юдэі. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.