1 І сказаў мне Госпад: «Вазьмі сабе вялікую таблічку і напішы на ёй звычайнымі прыладамі: “Магер Салал Гас Бас”».
2 І я ўзяў сабе верных сведкаў: святара Урыю і Захарыю, сына Барахіі,
3 і прыступіўся да праракіні. Яна пачала і нарадзіла сына. Дык сказаў Госпад мне: «Назаві яго імем Магер Салал Гас Бас,
4 бо, перш чым юнак навучыцца выгаворваць “тата” і “мама”, занясуць багацці Дамаска і даніну Самарыі цару асірыйцаў».
5 Зноў Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
6 «Таму што народ гэты пагардзіў водамі Сіло, якія цякуць спакойна, а падае духам перад Разінам і сынам Рамэліі,
7 таму вось: Госпад навядзе на іх магутныя і шматлікія воды ракі — цара асірыйцаў і ўсю яго славу; і разальецца на ўсе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх,
8 і пацячэ праз Юдэю, перапаўняючыся і разліваючыся, і дасягне аж шыі. І будзе прасцяг крылаў яе на ўсю шырыню зямлі тваёй, о Імануэлю!»
9 Падыміце крык, народы, устрывожцеся і слухайце, усе далёкія землі: узбройвайцеся і трымціце, узбройвайцеся і трымціце!
10 Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі.
11 Гэта вось сказаў Госпад мне, калі схапіў мяне рукою і перасцярог, каб не ішоў дарогаю гэтага народа, кажучы:
12 «Не называйце змовай усяго таго, што народ гэты называе змовай, і пагроз яго не палохайцеся і не трывожцеся.
13 Госпада Магуццяў адзінага ўсвячайце, Ён — ваш страх, і Ён — ваша трымценне.
14 Ён будзе на святасць, каменем спатыкнення і скалой згаршэння абодвум дамам Ізраэля, пасткай і сілом для жыхароў Ерузаліма.
15 Многія з іх спатыкнуцца, упадуць і разаб’юцца, трапяць у сіло ды будуць зняволены.
16 Замацуй сведчанне, запячаткуй закон сярод вучняў маіх».
17 І буду чакаць Госпада, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, я буду спадзявацца на Яго.
18 Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог на знак і на прадказанне Ізраэлю ад Госпада Магуццяў, Які пражывае на гары Сіён.
19 А калі вам скажуць: «Пытайцеся ў вешчуноў і варажбітоў, якія свішчуць і мармычуць», — ці ж народ не даведваецца ад Бога свайго? Хіба ад памерлых пра жывых?
20 Да закону [звяртайцеся] і да сведчання! А калі не будуць казаць паводле слова гэтага, не будзе для іх святла зараніцы.
21 А будзе ён бадзяцца па зямлі ў здзеку і галодны: а калі спазнае голад, будзе злавацца, пачне праклінаць цара свайго і Бога свайго і спагляне ўгару,
22 а потым паглядзіць на зямлю: і вось, тут бяда і змрок, туман прыгнятаючы і цемра непраглядная.
23 Аднак не будзе болей туману там, дзе быў прыгнёт. У даўнія часы аддаў [Госпад] на занядбанне зямлю Забулона і зямлю Нэфталі; а ў наш час праславіць Ён дарогу да мора праз Ярдан, Галілею паганскую.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.