1 І сказаў мне Госпад: «Вазьмі сабе вялікую таблічку і напішы на ёй звычайнымі прыладамі: “Магер Салал Гас Бас”».
2 І я ўзяў сабе верных сведкаў: святара Урыю і Захарыю, сына Барахіі,
3 і прыступіўся я да прарочыцы. Яна пачала і нарадзіла сына. Дык сказаў Госпад мне: «Назаві яго імем Магер Салал Гас Бас,
4 бо, перш чым юнак навучыцца выгаворваць “тата” і “мама”, занясуць багацці Дамаска і даніну Самарыі цару асірыйцаў».
5 Зноў Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
6 «Таму што народ гэты пагардзіў водамі Сіло, якія цякуць спакойна, а падае духам перад Разінам і сынам Рамэліі,
7 таму вось: Госпад навядзе на іх магутныя і шматлікія воды ракі — цара асірыйцаў і ўсю яго славу; і разальецца на ўсе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх,
8 і пацячэ праз Юдэю, перапаўняючыся і разліваючыся, і дасягне аж шыі. І будзе прасцяг крылаў яе на ўсю шырыню зямлі тваёй, о Імануэлю!»
9 Падыміце крык, народы, устрывожцеся і слухайце, усе далёкія землі: узбройвайцеся і трымціце, узбройвайцеся і трымціце!
10 Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі.
11 Гэта вось сказаў Госпад мне, калі схапіў мяне рукою і перасцярог, каб не ішоў дарогаю гэтага народа, кажучы:
12 «Не называйце змовай усяго таго, што народ гэты называе змовай, і пагроз яго не палохайцеся і не трывожцеся.
13 Госпада Магуццяў адзінага ўсвячайце, Ён — ваш страх, і Ён — ваша трымценне.
14 Ён будзе на святасць, каменем спатыкнення і скалой згаршэння абодвум дамам Ізраэля, пасткай і сілом для жыхароў Ерузаліма.
15 Многія з іх спатыкнуцца, упадуць і разаб’юцца, трапяць у сіло ды будуць зняволены.
16 Замацуй сведчанне, запячаткуй закон сярод вучняў маіх».
17 І буду чакаць Госпада, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, я буду спадзявацца на Яго.
18 Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог на знак і на прадказанне Ізраэлю ад Госпада Магуццяў, Які пражывае на гары Сіён.
19 А калі вам скажуць: «Пытайцеся ў вешчуноў і варажбітоў, якія свішчуць і мармычуць», — ці ж народ не даведваецца ад Бога свайго? Хіба ад памерлых пра жывых?
20 Да закону [звяртайцеся] і да сведчання! А калі не будуць казаць паводле слова гэтага, не будзе для іх святла зараніцы.
21 А будзе ён бадзяцца па зямлі ў здзеку і галодны: а калі спазнае голад, будзе злавацца, пачне праклінаць цара свайго і Бога свайго.
22 І спагляне ўгару, а потым паглядзіць на зямлю: і вось, тут бяда і змрок, туман прыгнятаючы і цемра непраглядная. Аднак не будзе болей туману там, дзе быў прыгнёт.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 8 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.