1 Прадказанне Егіпту. Вось, Госпад едзе на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Егіпет; і задрыжаць ідалы егіпецкія перад абліччам Яго, і сэрца Егіпта самлее пасярод яго.
2 «І ўчыню Я, што егіпцяне кінуцца на егіпцян; і кожны будзе ваяваць супраць брата свайго, кожны — супраць сябра свайго, горад з горадам, валадарства з валадарствам.
3 І змарнее дух Егіпта ўнутры яго, і зблытаю раду яго; і будуць яны задаваць пытанні балванам і чараўнікам, варажбітам і вешчунам.
4 І аддам егіпцян у рукі гаспадара жорсткага, і цар магутны будзе валадарыць над імі, — кажа Госпад, Бог Магуццяў. —
5 І высахне вада ў моры, і рака спадзе ды перасохне,
6 і гнілымі стануцца рэкі, і абязводняцца рэкі; змялеюць і высахнуць ручаі егіпецкія; трыснёг і чарот павянуць.
7 Голымі стануць берагі Ніла, ды кожная раслінка Ніла засохне: прападзе і болей не будзе.
8 І загаруюць рыбакі, і будуць усе наракаць, закідваючы вуду ў раку; і, расцягваючы сетку на паверхні вады, засумуюць.
9 Засаромеюцца тыя, якія апрацоўваюць лён, якія расчэсваюць і ткуць палатно.
10 І майстры-ткачы збянтэжацца, а ўсе найміты — зусім засумуюць.
11 Якія ж неразумныя князі танейскія! Мудрыя дараднікі фараона далі раду дурную, як жа скажаце фараону: “Я — сын мудрацоў, сын даўніх цароў?”»
12 Дзе ж цяпер мудрацы твае? Хай яны скажуць табе і пакажуць, што вырашыў Госпад Магуццяў адносна Егіпта.
13 Здурнелі князі танейскія, падмануты князі Мемфіса, ашукалі Егіпет кіраўнікі родаў яго.
14 Госпад змясціў у іх нутро дух аблуднасці, і яны ўчынілі, што Егіпет блудзіць у кожнай справе сваёй, як блудзіць п’яніца сярод ванітаў сваіх,
15 і не будзе ў Егіпта справы, якую ўчынілі б хоць галава, хоць хвост, хоць пальма, хоць чарот.
16 У той дзень будуць егіпцяне, як жанчыны; будуць дрыжаць і будуць палохацца перад абліччам працягнення рукі Госпада Магуццяў, якую ўздыме Ён тады.
17 І будзе зямля Юдэйская жахам для Егіпта: кожны, хто яе прыгадае, жахнецца ад рашэння Госпада Магуццяў, якое прыняў Ён наконт яе.
18 У той дзень будзе пяць гарадоў у краі Егіпецкім, якія загавораць моваю хананейскаю, якія прысягнуць Госпадам Магуццяў; адзін з іх будзе называцца горадам сонца.
19 У той дзень будзе ахвярнік Госпада пасярэдзіне краю Егіпта, а пры яго мяжы стэла для Госпада.
20 І будзе гэта на знак і на сведчанне Госпаду Магуццяў у зямлі Егіпецкай. Будуць прызываць Госпада перад крыўдзіцелямі, і пашле ім збаўцу і абаронцу, які вызваліць іх.
21 Тады Госпад будзе пазнаны Егіптам, і егіпцяне пазнаюць Госпада ў той дзень, і будуць ушаноўваць Яго ахвярамі і дарункамі, і складуць прысягі Госпаду і споўняць.
22 Ударыць тады Госпад Егіпет караю, і павернуцца да Госпада, а Ён улагодзіцца да іх і аздаровіць іх.
23 У той дзень будзе дарога з Егіпта ў Асірыю; і увойдзе асірыец у Егіпет, а егіпцянін — у Асірыю, і будуць служыць егіпцяне разам з асірыйцамі.
24 У той дзень Ізраэль будзе трэці побач з Егіптам і Асірыяй; дабраславенства [будзе] пасярод зямлі,
25 Госпад Магуццяў дабраславіць яго, кажучы: «Дабраславёны народ Мой егіпецкі, і твор рук Маіх [народ] асірыйскі, і спадчына Мая, Ізраэль».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 19 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.