1 Гора ганарыстаму вянцу п’яніцаў Эфраіма ды звялай кветцы славы яго велічнасці, якія жылі на версе вельмі ўрадлівай даліны, ап’янеўшы віном!
2 Вось жа, нехта ў Госпада, дужы і магутны, як буралом градавы, як ураган знішчальны, як навадненне хвалістых вялікіх водаў, — і ён паваліць [іх] раптоўна на зямлю.
3 Нагамі патаптаны будзе вянец пыхі п’яніцаў Эфраіма;
4 а звялая кветка славы велічнасці яго, якая расце на версе ўрадлівай даліны, — як ранняя фіга перад жнівом, якую, хто ўбачыць, — зрывае рукою і зараз жа з’ядае.
5 У той дзень Госпад Магуццяў будзе вянцом славы і дыядэмай велічнасці для рэшты Свайго народа;
6 і духам справядлівасці для таго, хто сеў судзіць, ды мужнасцю для тых, хто адкідае бітву аж да брамы.
7 Насамрэч і гэтыя таксама хістаюцца ад віна і ад ап’янення ківаюцца: святар і прарок хістаюцца ад ап’янення, яны насмакталіся віна, ківаюцца ў ап’яненні, памыляюцца ў бачанні, цяляпаюцца ў час суда.
8 Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і бруду, так што нават месца больш няма.
9 Каго [такі] будзе вучыць мудрасці? І каму дасць разумець пачутае? Дзецям, аднятым ад грудзей? Немаўлятам, аднятым ад малака?
10 Бо прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там.
11 Сапраўды, вуснамі шапялявымі ды языком чужым прамаўляць будзе да гэтага народа,
12 якому гаварыў: «Гэта — адпачынак, дайце супакой спрацаванаму!» Ды не хацелі яны слухаць.
13 І будзе для іх словам Госпада «прыказанне за прыказаннем, прыказанне за прыказаннем, правіла за правілам, правіла за правілам, крыху там, крыху там», каб ішлі, і валіліся назад, і разбіваліся, і каб трапілі ў пастку, і каб былі схоплены.
14 Дзеля таго паслухайце слова Госпада, вы, ашуканцы, якія валадарыце над Маім народам, які жыве ў Ерузаліме.
15 Вы сказалі: «Заключылі мы прымірэнне са смерцю і з апраметнай учынілі дамову. Калі ж надыдзе біч навалы, ён не дойдзе да нас, бо на ашуканства ўсклалі мы спадзяванне наша, ды ў мане схаваліся мы».
16 Таму вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, угрунтаваны; і хто ўверыць у Яго — не спатыкнецца.
17 І ўстанаўлю закон за норму і справядлівасць за вагу, і град зруйнуе надзею ашуканства, а сховішча затопяць воды.
18 Ваша прымірэнне са смерцю будзе знішчана, ды дамова ваша з апраметнай не ўтрымаецца; калі надыдзе біч навалы, будзеце вы яму на стаптанне».
19 Колькі раз пройдзе, будзе зносіць вас, бо будзе праходзіць кожную раніцу, і днём, і ноччу, і будзе толькі жахліва ўсвядоміць гэтую вестку.
20 Бо завузкім будзе ложак, каб мог хто выцягнуцца, і надта кароткай накідка, каб мог хто прыкрыцца.
21 Бо як на гары Паразім стане Госпад, як на лагчыне, што ў Габаоне, будзе гневацца, каб здзейсніць Сваю справу, Сваю справу новую, каб здзейсніць Сваё дзеянне, Сваё таямнічае дзеянне.
22 А цяпер перастаньце кпіць, каб часам тужэй не зацягнуліся кандалы вашы; чуў я рашэнне Госпада, Бога Магуццяў, знішчыць усю зямлю.
23 Пачуйце вушамі і паслухайце голас мой, будзьце ўважнымі і паслухайце аповесць маю!
24 Ці ўвесь дзень араты арэ, каб пасеяць, барануе і праполвае сваю раллю?
25 Ці ж, калі зраўняе яе паверхню, не сее чарнушку і не рассыпае кмен? Ці не сее пшаніцу і ячмень, а полбу — на ўзбоччы іх?
26 Бо правільна настаўляюць яго, Сам Бог яго вучыць яго.
27 Бо не малоцяць чарнушкі піламі, ані па кмене не качаюць колам ад возу, але цэпам выбіваецца чарнушка, а кмен — палкаю.
28 А ці ж мелецца пшаніца? Пэўна, не вечна будзе яе малаціць малацьбіт, ані будзе цягаць па ёй колам ад воза, ані капытамі [коней] сваіх будзе таптаць яе.
29 Але гэта выйшла ад Госпада, Бога Магуццяў, — даў Ён цудоўную параду, павялічыў мудрасць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 28 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.