1 «Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, — кажа Бог ваш. —
2 Прамаўляйце да сэрца Ерузаліма і крычыце да яго, бо скончылася ліхота яго, адпакутавана правіннасць яго; атрымала з рукі Госпада падвоеную кару за ўсе грахі свае».
3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі на пустыні Богу нашаму.
4 Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі.
5 І аб’явіцца ласка Госпада, ды таксама ўбачыць кожнае цела, што сказалі вусны Госпада».
6 Голас кажучага: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Кожнае цела — трава, і ўся яго слава — як кветка палявая.
7 Высахла трава, і завяла кветка, бо дух — вецер Госпадаў — падуў на яе; сапраўды, народ ёсць сена.
8 Высахла трава, і завяла кветка, слова, аднак, Бога нашага трывае вечна.
9 Узыдзі на высокую гару, ты, што абвяшчаеш добрую навіну на Сіёне; падымі мужна голас твой, ты, якая абвяшчаеш добрую навіну ў Ерузаліме, падымі голас, не бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!
10 Вось, Госпад Бог прыходзіць з моцай, і плячо Яго заваладарыць: вось, адплата Яго з Ім разам і перад абліччам Яго ўзнагарода Яго.
11 Як пастыр, пасе статак Свой, зганяе рукою Сваёй ягнят ды прыціскае іх да грудзей Сваіх; Сам носіць матак».
12 Хто змераў жменяй воды, ды хто далонню змераў нябёсы? Хто меркаю ахапіў глебу зямную? Хто зважыў на вагах горы і на шалях узгоркі?
13 Хто пакіраваў духам Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?
14 З кім Ён раіўся, і хто вучыў Яго, і хто Яго настаўляў на шлях справядлівасці і перадаваў Яму веды ды паказаў Яму дарогу разважлівасці?
15 Вось жа, народы — як кропля ў пасудзіне, і ўважаюцца як дробка парахна на шалях; і астравы — як пылінка малая.
16 І Лібана не хопіць для падпалу, і жывёл яго не хопіць на цэласпаленні.
17 Усе народы перад Ім — як быццам іх няма; за нішто і за марнасць уважаюцца Ім.
18 Дык каму падобным зробіце Бога? Або які абраз прымяркуеце Яму?
19 Скульптуру адлівае рамеснік, залатых спраў майстра пацягвае яе золатам, і бляшкамі срэбранымі — срабрыцель.
20 Вельмі бедны, каб пасвяціць дрэва негніючае, падбірае сабе мудрага мастака, каб паставіў статую, якая не пахіснулася б.
21 Ці вы не ведаеце? Ці вы не чулі? Ці вам не было абвешчана ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі асновы зямлі?
22 Ён ёсць Той, Хто сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; хто расцягнуў, як парус, нябёсы, і раскінуў іх, як палатку для жытла?
23 Ён князёў зводзіць на нішто, суддзяў зямлі робіць марнасцю.
24 Ды вось нават не пасаджаны, нават не засеяны, нават не закараніўся іх камель у зямлі; раптам дыхнуў на іх — і павысыхалі, і віхор, як салому, панясе іх.
25 «Дык да каго ж вы прыпадобніце Мяне, каб быў Я яму быццам роўны?» — кажа Святы.
26 Падыміце вочы вашы да вышыняў і паглядзіце: Хто стварыў гэта? Той, Хто парадкам вядзе іх войска і заве іх па імені; дзеля такой вялікасці моцы і магутнасці і дужасці Яго аніводнага не бракуе.
27 Чаму кажаш, Якубе, і ты гаворыш, Ізраэлю: «Схавалася дарога мая перад Госпадам. І суд мой прайшоў міма Бога майго»?
28 Ці не ведаеш? Або ці не чуў? Бог, спрадвечны Госпад, Які стварыў межы зямлі, Ён не спыніцца, і не стоміцца, і не зняможацца; немагчыма спасцігнуць мудрасць Яго!
29 Ён дае знямогламу сілу, а кволаму моц павялічвае.
30 Хлапчукі аслабнуць і знямогуцца, ды юнакі паваляцца ў стоме.
31 Тыя ж, што даверыліся Госпаду, адновяць сілу, атрымаюць, як арлы, крылы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не саслабеюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 40 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.