1 Вось жа, Госпад пустошыць зямлю, нішчыць яе і бурыць яе паверхню, а жыхароў яе разганяе.
2 І будзе караны як народ, так і духоўнік, як слуга, так і гаспадар яго, як паслугачка, так і яе гаспадыня, як пакупнік, так і той, хто прадае, як пазычальнік, так і той, хто пазыку прымае, як той, хто спаганяе пазыку, так і той, хто вінен.
3 Дашчэнту будзе спустошана зямля і аддадзена на разрабаванне, бо Госпад гэта рашыў.
4 Сумуе, марнее зямля; нішчэе, марнее сусвет, нішчэе вышыня разам з зямлёю.
5 І зямля спаганена пад жыхарамі яе, бо пераступілі закон, пагардзілі прыказаннем, парушылі вечную дамову.
6 Дзеля таго праклён паглынае зямлю, а жыхары яе адбываюць пакаранне; з гэтай прычыны жыхароў яе стала менш і людзей засталося нямнога.
7 Сумуе маладое віно, вінаграднік звяў, уздыхаюць усе, якія весяліліся ад сэрца.
8 Спынілася радаснае біццё ў бубны, сціх гармідар гулякаў, заціхла радаснае гранне цытры.
9 Не будуць піць са спевам віна, горкім будзе і пітво для тых, хто п’е яго.
10 Разбураны горад пустэчы, зачынены кожны дом, і не ўвойдзе ніхто;
11 крык на вуліцах дзеля віна, знікла ўсякая радасць, прайшла весялосць зямлі.
12 Адна пустэча засталася ў горадзе, брама зруйнаваная.
13 Гэтак станецца на сярэдзіне зямлі паміж народаў, як пры атрасанні аліўкі і як калі напрыканцы збору вінаграду абіраюць лозы.
14 Яны ўзнясуць голас свой, будуць славіць веліч Госпада, будуць гаманіць з мора.
15 Дзеля гэтага хваліце Госпада ў краінах усходу, на астравах марскіх — імя Госпада, Бога Ізраэлева.
16 З канцоў зямлі чулі мы хвалебныя спевы: «Слава Справядліваму!» Але я сказаў: «Таямніца мая ў мяне, таямніца мая ў мяне. Гора мне!» Крывадушнікі крывадушнічаюць, і крывадушнічаюць крывадушнасцю крывадушнікаў.
17 Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!
18 І будзе: хто ўцячэ ад голасу страху, уваліцца ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены пасткай, бо вадаспады з вышыняў адкрыліся і затрэсліся падмуркі зямлі.
19 На кавалкі разбіта зямля, дашчэнту сцёрта зямля, да глыбіняў стрэсена зямля,
20 пахіснецца моцна зямля, як п’яны, ды, як палатка, закалышацца, ды зацяжарыць на ёй няпраўда яе, і абрынецца яна, і не ўзрушыцца, каб падняцца.
21 І будзе ў той дзень: наведае Госпад войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;
22 будуць сабраны і ўвязнены ў падзямеллі ды будуць замкнуты ў цямніцы, а па многіх гадах — пакаранне.
23 Месяц пачырванее і засаромеецца сонца, бо заваладарыў Госпад Магуццяў на гары Сіён ды ў Ерузаліме, і будзе Ён услаўлены перад абліччам старцаў Сваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 24 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.