1 «Узвесяліся, няплодная, якая не нарадзіла, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай многа дзяцей, больш, чым у той, якая мае мужа, — кажа Госпад. —
2 Расшыр прасторы шатра свайго, расцягні сцены сваіх палатак, не шкадуй; папусці даўжэй шнуры свае і калы свае ўмацуй.
3 Бо пашырышся ты направа і налева, і патомства тваё возьме ў спадчыну народы, якія абжывуць пакінутыя гарады.
4 Не бойся, бо не зазнаеш сораму і не пачырванееш, бо не будзе цябе сароміць. Бо забудзешся пра ганьбу маладосці тваёй ды не будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.
5 Бо Хто стварыў цябе, будзе жаніхом тваім, імя Яго — Госпад Магуццяў, Адкупіцель твой — Святы Ізраэлеў! Называюць Яго Богам усяе зямлі.
6 Бо вось, як жанчыну, кінутую і прыніжаную духам, паклікаў цябе Госпад, ды як да жонкі, у маладосці адпіхнутай, прамаўляе Бог твой.
7 На хвіліну пакінуў Я цябе, ды з вялікай ласкавасцю прытулю цябе.
8 У момант гневу адвярнуў Я на хвіліну аблічча Сваё ад цябе, але ў адвечнай міласэрнасці Сваёй пашкадаваў цябе, — кажа Адкупіцель твой, Госпад. —
9 Гэта ў Мяне, як у дні Ноя, якому Я пакляўся, што не ўспушчу больш водаў Ноя на зямлю; так прысягаю, што не буду гневацца на цябе і сварыцца на цябе.
10 Горы бо адступяцца ды ўзгоркі трэсціся будуць, але міласэрнасць Мая не адступіцца ад цябе і не захістаецца прымірэнне Маё, — кажа Госпад, Літасцівец твой. —
11 О няшчасны, бурамі кіданы і без аніякай пацехі! Вось, Я пакладу каменні твае на карбункулах; пакладу падмуркі твае на сапфірах;
12 зраблю ўмацаванні твае з рубінаў, а брамы твае — з каштоўных камянёў, а ўсю агароджу тваю — з самацветаў.
13 Твае дзеці будуць усе вучнямі Госпада, і вялікая згода будзе ў дзяцей тваіх;
14 у справядлівасці будзеш угрунтаваны. Будзеш ухаваны ад здзеку, бо не будзеш баяцца, і ад жаху, бо ён не наблізіцца да цябе.
15 Вось, калі адбудзецца напад, не будзе гэта ад Мяне; хто на цябе нападзе, упадзе насупраць цябе.
16 Вось жа, Я стварыў каваля, які раздувае вуглі ў агні ды выцягвае прыладу для сваёй работы; і Я стварыў таксама нішчыцеля на знішчэнне.
17 Любая прылада, якая выліта супраць цябе, не будзе карыснай. І кожны язык, які спрачаецца з табою, асудзіш: такая спадчына слугаў Госпада і справядлівасць іх ад Мяне», — кажа Госпад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 54 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.