1 Прадказанне лагчыне Бачання. Што з табою, што ты ўвесь узняўся на дахі,
2 поўны крыку, горад шумлівы, горад разгуляны? Забітыя твае не палі ад меча і не памерлі на вайне.
3 Важакі твае ўсе разам уцяклі, узятыя ў палон без лука; усе, хто былі знойдзены, захоплены разам, хоць уцяклі далёка.
4 Дзеля таго сказаў я: «Адыдзіцеся ад мяне, буду горка плакаць: не старайцеся мяне пацешыць дзеля знішчэння дачкі майго народа».
5 Бо гэта дзень тлуму, стаптання і плачу ў Госпада, Бога Магуццяў, у лагчыне Бачання, зруйнавання муроў і гоману аж да гары.
6 І Элам узняў калчан, і натоўпы вершнікаў, і Кір агаліў шчыт.
7 Твае найпрыгажэйшыя лугі поўныя калясніц, а коннікі займаюць свае месцы ў браме.
8 І адкрылася заслона Юды, і ты ў той дзень звярнуў увагу на зброю ў доме з кедра.
9 І расколіны [у мурах] горада Давіда ўбачылі вы, бо іх стала многа, і сабралі вы воды Ніжняй крыніцы;
10 і пералічылі вы дамы ў Ерузаліме, і разбурылі дамы, каб умацаваць [гарадскі] мур;
11 і ўчынілі вадазборнік між двума мурамі на ваду старога вадаёма; але не зірнулі на Таго, Хто стварыў гэта, ды на Таго, Хто даўно ўфармаваў гэта, не паглядзелі.
12 Госпад жа, Бог Магуццяў, паклікаў у той дзень да плачу і жалобы, да пастрыжэння і да адзявання зрэбніцы;
13 але вось — весялосць і радасць, забіваюць валоў і рэжуць авечак, ядуць мяса і п’юць віно: «Давайце есці і піць, бо заўтра памром».
14 І было адкрыта мне ў вушы Госпадам Магуццяў: «Не будзе, пэўна, адпушчана вам гэтая правіннасць, пакуль не паўміраеце», — кажа Госпад, Бог Магуццяў.
15 Гэта кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага намесніка, і да Собны, загадчыка палаца:
16 “Што табе тут? Або хто табе гэты, што ты высек сабе тут грабніцу?” Высякаючы высока грабніцу сваю, у скале ён выдзеўб сабе жытло.
17 Вось жа Госпад рашуча выкіне цябе, чалавеча, магутна хапаючы цябе,
18 і, калыхаючы, скруціць цябе ў клубок, і кіне цябе, як мяч, на зямлю прасторную і шырокую: там памрэш, і там будуць калясніцы славы тваёй, ганьба дому гаспадара твайго».
19 «І выганю цябе з месца твайго і здыму цябе з тваёй пасады.
20 І будзе ў гэты дзень: паклічу слугу майго Эліякіма, сына Хэлькіі,
21 ды адзену яго ў туніку тваю і падпяражу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі яго; і ён будзе бацькам для жыхароў ерузалімскіх і для дому Юды.
22 І ўскладу ключ дому Давідава на плячо яго: і адкрые, ды не будзе каму замкнуць, і замкне, ды не будзе каму адкрыць.
23 І ўмацую яго, як калок на пэўным месцы: і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.
24 І навесяць на яго ўсю славу дому бацькі яго, усіх нашчадкаў, увесь дробны посуд, ад чар да збаноў.
25 У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — калок, які быў умацаваны на пэўным месцы, не вытрымае, але зломіцца і зваліцца, а ўсё, што на ім вісела, прападзе, — бо гэта сказаў Госпад».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 22 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.