1 Але пашкадуе Госпад Якуба і зноў абярэ Сабе з Ізраэля, ды ўчыніць, каб яны спачывалі на зямлі сваёй; далучыцца да іх чужынец ды прыстане да дому Якуба.
2 І прымуць іх народы, і завядуць іх на месца іх; і атрымае іх ва ўласнасць дом Ізраэля на зямлі Госпада як слуг і служанак; і будуць яны паднявольваць тых, хто іх паднявольвалі, і падначаляць прыгнятальнікаў сваіх.
3 І будзе гэта ў той дзень, калі Госпад дасць табе супакой па служэнні тваім, па прыгнёце тваім ды па няволі цяжкай, у якой ты раней служыў,
4 прамовіш ты гэтую прыпавесць супраць цара Бабілона і скажаш: «Як жа гэта знік прыгнятальнік, скончыўся ўціск?»
5 Паламаў Госпад палку бязбожнікаў, жазло валадароў,
6 што калаціла людзей ударамі несупынна, [жазло,] што ў шаленстве падначальвала народы ў бясконцых пераследах.
7 Супакоілася і маўчыць уся зямля, цешыцца і скача.
8 Нават елкі цешацца дзеля цябе і кедры лібанскія: «З таго часу, як заснуў ты, ніхто не прыходзіць секчы нас».
9 Апраметная ўстрывожылася з нізоў, сустракаючы прыход твой; абуджае дзеля цябе цені памерлых, усім князям зямным загадала ўзняцца з іх пасадаў, усім валадарам народаў.
10 Усе разам адгукнуцца яны і скажуць табе: «І ты скалечаны, як і мы, падобным стаўся ты да нас».
11 Укінута ў пекла пыха твая, і гукі арфаў тваіх. Чарвяк сцелецца пад табою, і покрыва тваё — чэрві.
12 Як жа гэта зваліўся ты з неба, святланосны, сыне заранкі? Зрынуты на зямлю ты, які скідваў народы,
13 ты, які казаў у сваім сэрцы: «Узнясуся на неба, вышэй за зоры Божыя ўзвышу пасад мой, сядзець буду на гары сходу, на схіле поўначы.
14 Узыду на вышыню воблакаў, падобны буду да Найвышэйшага».
15 Ды аднак жа скінуты ты ў пекла, на самае дно ямы!
16 Тыя, хто ўбачаць цябе, звернуць на цябе ўвагу і пачнуць прыглядацца да цябе: «Ці не той гэта чалавек, які ўстрывожыў зямлю, які страсянуў царствы,
17 які ўвесь свет зрабіў пустыняю, а гарады яго зруйнаваў, не адкрыў турму для вязняў яго?»
18 Усе валадары народаў, усе адпачываюць у славе, кожны ў сваёй грабніцы.
19 А ты выкінуты з сваёй магілы, як абрыдлы парастак, загорнуты разам з тымі, якія забіты мечам і сышлі да каменняў магілы, [ты] — быццам труп патаптаны!
20 Ты не будзеш мець удзелу з імі ў пахаванні, бо ты спустошыў сваю зямлю, ты загубіў свой народ; не азавецца ў вяках семя ліхадзеяў.
21 «Падрыхтуйце сыноў яго на зарэзанне праз злачыннасць іх бацькоў; хай не падымуцца, каб не ўспадкаемілі зямлю ды не напоўнілі сусвету людскога».
22 «І паўстану Я супраць іх, — кажа Госпад Магуццяў, — і выгублю імя Бабілона і рэшту, а таксама род і нашчадкаў, — кажа Госпад, —
23 і аддам яго ва ўласнасць вожыкаў і на дрыгву, ды вымету яго венікам знішчэння», — кажа Госпад Магуццяў.
24 Прысягнуў Госпад Магуццяў, кажучы: «Сапраўды, як задумаў, так станецца, ды як вырашыў, так здзейсніцца.
25 Сатру Асірыю на Маёй зямлі і стапчу яе на Маіх гарах. Тады будзе скінута з іх ярмо яе ды цяжар яе будзе зняты з іх спіны».
26 Вось рашэнне, якое было прынята адносна ўсёй зямлі, і вось рука, выцягнутая над усімі народамі.
27 Бо Госпад Магуццяў так вырашыў, дык хто ж зможа адмяніць? І рука Яго выцягнута, — дык хто ж яе адверне?
28 У годзе, у якім памёр цар Ахаз, было зроблена такое прадказанне:
29 «Не цешся ты, уся Філістэя, што зламанае жазло карніка твайго, бо з зародка змяі выйдзе васіліск, і семя яго — лятучы дракон.
30 І будуць пасвіцца першародныя ўбогіх, і бедныя здаверана адпачнуць; і ўчыню Я, што корань твой памрэ ад голаду, і рэшткі твае павынішчу.
31 Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся Філістэя! Бо з поўначы нахлынае дым; няма ўцекачоў у дружынах яго.
32 І што адкажуць пасланцам паганаў? Гэта Госпад заснаваў Сіён, і ў яго ўцяклі бедныя з Яго народа».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 14 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.