1 І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.
2 І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.
3 І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,
4 і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!
5 Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,
6 што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.
7 Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.
8 І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.
9 Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.
10 Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!
11 У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.
12 Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.
13 А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;
14 узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.
15 Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.
16 Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,
17 сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?
18 Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;
19 а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,
20 не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.
21 Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.
22 І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.
23 І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.
24 Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,
25 каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.
26 Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;
27 бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?
28 У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:
29 ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.
30 Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб’е рэшту тваю.
31 Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.
32 Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ісаі, 14 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.