Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ісаі 57 Ісаі 57 раздзел

1 Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.
2 Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.
3 Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.
4 З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?
5 распаляныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?
6 У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?
7 На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.
8 За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, — вышукваеш месца.
9 Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.
10 Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.
11 Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?
12 Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, — і яны будуць не на карысьць табе.
13 Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.
14 І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.
15 Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, — Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.
16 Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.
17 За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.
18 Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.
19 Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.
20 А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.
21 Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ісаі, 57 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.