1 Гора тым, хто ўслаўляе законы ліхія і хто піша пастановы несправядлівыя,
2 каб на судзе прыціскаць убогіх ды каб сілу прымяняць у справах простых з народа Майго, каб удовы сталіся здабычай іх і каб сірот абрабоўваць!
3 А што будзеце рабіць у дзень наведвання і няшчасця, якое прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыце па дапамогу ды дзе пакінеце вашу славу?
4 Або скурчыцеся паміж палонных, або пападаеце паміж забітых. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.
5 «Гора — асірыец, дубец гневу Майго ды палка ў руцэ Маёй, абурэнне Маё!
6 Да народа бязбожнага пасылаю яго, прызначаю яго супраць народа гневу Майго, каб забраў ён даніну і вырваў здабычу і каб выставіў яго на патаптанне, быццам бруд на плошчах.
7 Але ён не так думае ды сэрца яго не так разумее; але ў сэрцы яго намер: вымардаванне і вынішчэнне многіх народаў.
8 Скажа вось: “Ці ж і мае князі ўсе не цары?
9 Ці ж і Каркаміс не такі, як Халан, а Арпад ці ж не такі, як Эмат? Ці ж і Дамаск не такі, як Самарыя?
10 Як рука мая захапіла паганскія царствы, у якіх ідалаў больш, чым у Ерузаліме і ў Самарыі, —
11 ці ж не так зрабіў я Самарыі і ідалам яе, ці ж не так зраблю і Ерузаліму і яго ідалам?”»
12 І будзе: калі Госпад споўніць усе справы Свае на гары Сіён і ў Ерузаліме, тады прыйду Я паглядзець на плод пыхі сэрца цара Асірыі і на ганарыстасць узнёсласці вачэй яго.
13 Сказаў бо: «Дзейнічаў сілай маёй рукі ды мудрасцю маёй, бо я — разумны, і перанёс я межы народаў, і абрабаваў скрыні іх, і, быццам волат, сцягнуў тых, хто сядзеў высока;
14 і схапіла рука мая, як гняздо, багацце народаў: і як збіраюць пакінутыя яйкі, так я сабраў усю зямлю; ды не было, хто б трапянуў крылом, ніхто не адчыніў дзюбы, ніхто не піскнуў».
15 Ці ж будзе выхваляцца сякера перад дрывасекам? Або ці ўзносіцца піла над тым, хто цягае яе? Як быццам бы бізун пачне панукаць таго, хто падымае яго, ды палка пачне ўздымацца на таго, хто не дрэва!
16 Дзеля гэтага і Валадар, Госпад Магуццяў, пашле схудненне на тлустых яго; а пад славай яго разгарыцца полымя, быццам пажар.
17 Святло Ізраэля станецца агнём, а Святы яго — полымем: Ён загарыцца і паглыне церні яго і калючкі за адзін дзень.
18 І велічнасць лесу яго і саду яго вынішчыць ад душы аж да цела, і будзе марнець, быццам хворы;
19 і апошнія дрэвы ў яго лесе будуць настолькі нешматлікія, што дзіця іх зможа перапісаць.
20 І будзе ў той дзень: не будзе больш астатак Ізраэля і тыя з дому Якуба, якія ўцяклі, абапірацца на таго, хто іх б’е, але абапірацца будуць на Госпада, Святога Ізраэлева, у праўдзе.
21 Рэшткі вернуцца, рэшткі, кажу, Якуба да Бога Магутнага.
22 Бо хоць бы народ твой, Ізраэль, быў, як пясок марскі, рэшткі з яго вернуцца. Вынішчэнне вызначана, каб здейснілася справядлівасць,
23 бо Госпад, Бог Магуццяў, здзейсніць вынішчэнне, якое пастаноўлена, на ўсёй зямлі.
24 Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Народзе Мой, што жывеш на Сіёне, не бойся Асірыі: дубцом будзе біць яна цябе і палку сваю падыме, як Егіпет.
25 Яшчэ хвілінка малая, і спыніцца абурэнне Маё і гнеў Мой [павернецца] на іх загубу».
26 І ўзбудзіць Бог Магуццяў бічаванне, як тады, калі пакараў мадыянцаў каля скалы Гарэб, або калі ўзнёс палку Сваю над морам ды падняў яе на дарогу егіпцян.
27 І будзе ў той дзень: здымецца бярэмя яго са спіны тваёй ды ярмо яго з шыі тваёй. Вораг з’яўляецца з боку Рэмона.
28 Прыйдзе ён у Аят, пройдзе праз Магрон, пры Міхмасе пакідае свае пажыткі;
29 пераходзіць брод хутка: у Габе мы пераначуем, дрыжыць Рама, Габа Саўлава ўцякае.
30 Бэт-Галім, крычы на ўвесь голас! Лаіс, паслухай! Анатот, адкажы ёй!
31 Медемена ўцякае, жыхары Габіма ўцякаюць.
32 Сёння стане ў Нобе: патрасе рукою сваёй на гару дачкі Сіёна, на ўзгорак Ерузалім.
33 Вось жа, Валадар, Госпад Магуццяў, са страшэннай моцай абразае вярхі дрэў: найвышэйшыя вяршкі абразаюцца, высокія — згінаюцца.
34 Гушчары лясныя ссякаюцца сякераю. Валіцца Лібан са сваёю пышнасцю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 10 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.