1 Слухайце Мяне вы, якія ідзяце следам за справядлівасцю, якія шукаеце Госпада. Зважце на скалу, з якой вы высечаны, і на бяздонне ямы, з якой вы выцягнуты.
2 Зважце на Абрагама, бацьку вашага, ды на Сару, якая нарадзіла вас, бо паклікаў Я яго аднаго, і дабраславіў яго, і павялічыў яго.
3 Бо суцяшае Госпад Сіён, суцяшае ўсе руіны яго, робіць пустыню яго — быццам Эдэн, а пустэчу яго — быццам сад Госпада. Знойдуцца ў ім радасць і весялосць, падзяка і гучанне спеваў.
4 Звярні ўвагу, людзе Мой, і, народы, паслухайце Мяне, бо закон выйдзе ад Мяне і прысуд Мой пастаўлю як святло для народаў.
5 Блізка справядлівасць Мая, наблізілася збаўленне Маё, і рукі Мае будуць судзіць народы, на Мяне астравы будуць ускладаць надзею і лічыцца будуць з Маёй рукою.
6 Падыміце ўверх вочы свае і гляньце на зямлю зверху, бо нябёсы, як дым, разыдуцца, а зямля, як вопратка, сатрэцца, а жыхары яе загінуць, як і яна. Збаўленне ж Маё будзе вечным, а справядлівасць Мая не спыніцца.
7 Слухайце Мяне тыя, якія знаеце справядлівасць, народзе, у сэрцы якога — Мой закон: не бойцеся знявагі ад людзей ды не палохайцеся блюзнення іх.
8 Бо, як вопратку, так іх з’есць чарвяк, і, як воўну, так зжарэ іх моль, справядлівасць жа Мая будзе вечная ды збаўленне Маё — з пакалення ў пакаленне».
9 Прабудзіся, прабудзіся! Адзенься ў магутнасць, рука Госпада! Прабудзіся, як у мінулыя дні, у пакаленнях вякоў. Ці ж не ты паразіла Рагаба, пакалечыла дракона?
10 Ці ж не ты высушыла мора, ваду страшэннага бяздоння, зрабіла дарогу з дна марскога, каб прайшлі вызваленыя?
11 І адкупленыя Госпадам вернуцца ды прыйдуць на Сіён з песнямі; і радасць вечная над іх галовамі, весялосць і радасць атрымаюць яны; уцячэ смутак і ўздыханне.
12 «Я, Я сам — Пацяшальнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека смяротнага і сына чалавечага, які, як трава, высахне?
13 А забыўся ты на Госпада, Творцу свайго, Які распасцёр нябёсы і аснаваў зямлю; а ты ўсцяж баішся ўвесь дзень запальчывасці таго, хто цябе крыўдзіць, калі рыхтаваўся на загубу. Дзе ж тая цяпер запальчывасць крыўдзіцеля?
14 Палонны будзе хутка вызвалены, і не памрэ ў яме, і нястачы хлеба не адчуе.
15 Я ж Госпад, Бог твой, Які турбуе мора, так што ўздымаюцца хвалі яго; Госпад Магуццяў — імя Маё.
16 Уклаў Я словы Мае ў вусны твае і ў засені рукі Сваёй схаваў цябе, перад тым як расцягваў нябёсы і асноўваў зямлю і калі казаў Сіёну: “Ты — мой народ!”»
17 Прабудзіся, прабудзіся, устань, Ерузалім, які піў з рукі Госпада келіх гневу Яго; выпіў ты чару слабасці, напіўся,
18 і няма нікога, хто б падтрымаў яго з ліку ўсіх сыноў, якіх нарадзіў, ды няма ніводнага, хто б узяў за руку яго з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.
19 Дзве рэчы спаткалі цябе, хто пашкадуе цябе? Спусташэнне і загуба, голад і меч, а хто пацешыць цябе?
20 Сыны твае ляжаць непрытомныя, ляжаць на рагу ўсіх вуліц, як газэль у пастцы, поўныя гневу Госпадава, пагрозы Бога твайго.
21 Таму паслухай вось гэтага, бедненькая і п’яная, але не ад віна.
22 Гэта кажа Валадар твой, Госпад і Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось жа выняў з рукі тваёй келіх слабасці, чару абурэння Майго; не наважышся болей, каб піць з яго.
23 А ўкладу яго ў рукі тых, якія паніжалі цябе і казалі табе: “Нахіліся, каб мы прайшлі!” І падстаўляў ты спіну сваю як зямлю і як дарогу для тых, хто праходзіць».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 51 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.