1 Калі гэта пачуў цар Эзэкія, раздзёр сваё адзенне, ахінуўся зрэбніцай і ўвайшоў у дом Госпада.
2 Потым паслаў Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых святароў, ахутаных у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса,
3 і сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты ёсць днём смутку, і кары, і ганьбы, бо дайшлі дзеці да народзін, ды няма сілы нарадзіць.
4 Можа, твой Госпад Бог пачуе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб блюзніць на Бога жывога, ды пакарае за словы, якія чуў Госпад, Бог твой; дык уздымі малітву за астатніх”».
5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
6 І сказаў ім: «Скажыце гэта гаспадару вашаму: вось што кажа Госпад: “Не палохайцеся слоў, якія вы чулі, якімі слугі цара асірыйцаў блюзнілі на Мяне.
7 Вось, Я дам яму дух і пачуе ён вестку, вернецца ў сваю зямлю, ды зраблю, што ў зямлі сваёй прападзе ад меча”».
8 Вярнуўся Рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, здабываючага Лебну: пачуў бо, што цар адступіў з-пад Лахіса.
9 І пачуў [Санхэрыб], як казалі пра Тарака, цара Этыёпіі: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». Калі гэта пачуў, выправіў пасланцоў да Эзэкіі сказаць:
10 «Вось што скажаце Эзэкіі, цару Юды: “Хай цябе не падманвае Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Не будзе выдадзен Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”.
11 Дык жа чуў ты пра ўсё, што зрабілі цары асірыйцаў усім землям, якія прызначылі яны на загубу, а ты зможаш ухавацца?
12 Ці ж збавілі іх багі народаў, якіх знішчылі бацькі мае? Газан, і Харан, і Рэзэф, ды сыноў Эдэна, якія жылі ў Тэласары?
13 Дзе ж цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Аны і Авы?”»
14 Эзэкія ўзяў пісьмо з рукі пасланцоў і перачытаў яго. І пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго Эзэкія перад Госпадам.
15 І маліўся Эзэкія да Госпада, кажучы:
16 «О Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, Які сядзіш над херубінамі, Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
17 Схілі, Госпадзе, вуха сваё і пачуй, адкрый, Госпадзе, вочы свае і пабач ды выслухай усе словы Санхэрыба, якія перадаў ён, каб зняважыць Бога жывога!
18 Праўда вось, Госпадзе, што цары асірыйскія знішчылі народы і іх краіны
19 і аддалі агню іх багоў, бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых, дрэва і камень, дык іх паразбівалі.
20 Дык вось, Госпадзе, Божа наш, ухавай нас ад рукі яго, і хай даведаюцца ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог!»
21 Дык паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі сказаць: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, адносна таго, што прасіў ты мяне ў справе Санхэрыба, цара асірыйскага;
22 гэта вось слова, якое сказаў Госпад наконт яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна: за табою ківае галавой дачка Ерузаліма.
23 Каго ты зневажаў і на Каго блюзніў? Ды супраць Каго падняў ты голас? І супраць Каго ўзняў вочы свае ўгору? Супраць Святога Ізраэлева!
24 Праз сваіх вестуноў папракнуў ты Госпада і сказаў: “З мноствам маіх калясніц узышоў я на горныя узвышшы, на вяршыні Лібана; ды ссек вершаліны кедраў яго і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры густыя.
25 Я капаў і піў ваду чужую і высушыў слядамі ног сваіх усе ручаі егіпецкія”.
26 Ці не чуў? З даўнасці ўчыніў Я гэта, з дзён старажытнасці Я задумаў гэта, а цяпер здзейсніў, каб было на выкараненне, каб гарады ўмацаваныя абярнуліся каменнем.
27 Жыхары іх, страціўшы сілу, задрыжалі і пакрыліся сорамам; сталіся, як сена на полі, і трава зялёная, і трава на стрэхах, што высахла ад ветру ўсходняга.
28 Ведаю, калі ты сядаеш, калі выходзіш і ўваходзіш, неразумнасць тваю адносна Мяне.
29 За тое, што бунтуеш ты супраць Мяне і пыха твая дайшла да вушэй Маіх, удзену кальцо ў ноздры твае ды цуглі ў вусны твае і адвяду цябе на дарогу, якою ты прыйшоў.
30 А гэта будзе табе знакам: у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана, і на наступны год — што само нарадзілася, а на трэці год сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ежце іх плады.
31 А тое, што ўцалее з дому Юды, што засталося, хай зноў пусціць корань у глыб зямлі і выдасць плод наверх.
32 Бо, вось, з Ерузаліма выйдзе рэшта і з гары Сіён — што ўцалее. Руплівасць Госпада Магуццяў здзейсніць гэта”».
33 Таму вось гэта кажа Госпад пра цара асірыйцаў: «Не ўвойдзе ён у гэты горад, не выпусціць ён там стралы; не паставіць супраць яго шчыта, ані насыпле супраць яго валу.
34 Дарогай, якою прыйшоў, тою вернецца, ды ў горад гэты не ўвойдзе, — кажа Госпад. —
35 І Я абараню гэты горад, каб уратаваць яго, дзеля Мяне ды дзеля паслугача Майго Давіда».
36 І выйшаў анёл Госпадаў, і забіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч; і абудзіліся раніцай, і вось, усе яны — мёртвыя трупы.
37 І выйшаў ён, і адышоў; і вярнуўся Санхэрыб, цар асірыйцаў, і абжыўся ў Нініве.
38 Ды сталася, калі ён маліўся ў храме Нэсроха, бога свайго, сыны яго, Адрамэлех і Сарасар, забілі яго і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын яго, Асархадон, стаў цараваць замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ісаі, 37 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.