1 Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што здарылася, раздзёр адзенне сваё, апрануўся ў зрэбніцу, пасыпаючы попелам галаву. Ды на плошчы ў цэнтры горада галасіў моцна ды горка плакаў,
2 падышоў аж пад браму палаца; бо нельга было ўвайсці на царскі панадворак апранутаму ў зрэбніцу.
3 Таксама ва ўсіх правінцыях, куды дайшоў эдыкт і закон цара, паўстаў у юдэяў вялікі смутак, пост, лямант і плач, так што для многіх зрэбніца і попел сталі ложкам.
4 Прыйшлі ж паслугачкі Эстэр і еўнухі і расказалі ёй аб гэтым. Царыца спалохалася надта, пачуўшы гэта, і паслала адзенне, каб, скінуўшы зрэбніцу, апрануўся ў яго; ён не захацеў прыняць яго.
5 І Эстэр, паклікаўшы Атаха, еўнуха, якога цар даў ёй за паслугача, загадала яму, каб ішоў да Мардахэя і выведаў ад яго, чаму ён гэта робіць.
6 Ды пайшоў Атах да Мардахэя, які стаяў на плошчы горада перад брамай.
7 Ён расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, пра тое, колькі срэбра Аман паабяцаў заплаціць у скарбоўню цара за забойства юдэяў, калі іх знішчыць.
8 Таксама копію эдыкта, які быў вывешаны ў Сузах на знішчэнне іх, даў яму, каб паказаў царыцы і пераканаў яе, каб схадзіла да цара і маліла яго, і заступілася за народ свой.
«Памятай, — казаў ён, — дні пакорнасці тваёй, калі ты гадавалася на руках маіх, бо Аман, другі па цару, асудзіў нас на смерць. І прызывай Госпада, і гавары цару пра нас, ды вызвалі нас ад смерці».
9 Атах, вярнуўшыся, расказаў Эстэр пра ўсё, што яму сказаў Мардахэй.
10 Яна яму ў адказ загадала сказаць Мардахэю:
11 «Усе паслугачы цара і ўсе правінцыі, што знаходзяцца пад уладаю яго, ведаюць, што для ўсіх адзін закон: ці то для мужчыны, ці то для жанчыны; хто ўвойдзе на ўнутраны царскі панадворак не запрошаны, — будзе ён пакараны смерцю адразу ж; хіба што часам цар працягне да яго свой залаты скіпетр, каб ён мог жыць; а я ўжо трыццаць дзён не была клікана да цара».
12 Калі Мардахэй гэта пачуў,
13 зноў загадаў Эстэр, кажучы: «Не думай, што гэтым толькі жыццё сваё вызваліш, што знаходзішся ў доме цара, адна з усіх юдэяў.
14 Калі бо ты будзеш цяпер маўчаць, аднекуль прыйдзе ратунак і вызваленне, а ты і дом бацькі твайго — прападзяце; і хто ведае, ці не дзеля гэтага ты стала царыцай у такі час?»
15 І зноў Эстэр перадала Мардахэю гэтыя словы:
16 «Ідзі і збяры ўсіх юдэяў, якія знаходзяцца ў Сузах; і посціце за мяне. Не ежце і не піце тры дні і тры ночы, і я з паслугачкамі сваімі таксама буду посціць; і затым пайду да цара, нягледзячы на закон: калі загіну — загіну».
17 Дык пайшоў Мардахэй ды зрабіў усё, што загадала яму Эстэр.
17а Мардахэй жа раздзёр адзенне сваё, і разаслаў зрэбніцу, і ўпаў тварам сваім на зямлю перад старэйшынамі народа з ранку аж да вечара,
17б і сказаў: «Дабраславёны Ты, Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба,
17в Госпадзе, Госпадзе Усемагутны, Уладару, бо ўсё ва ўладзе Тваёй, і няма нікога, хто б волі Тваёй мог супрацівіцца, калі б рашыў Ты збавіць Ізраэль.
17г Ты бо стварыў неба і зямлю і ўсё, што ёсць цудоўнага ў прасторы неба,
17д Ты — Госпад усяго; і няма нікога, хто супрацівіўся б Тваёй магутнасці.
17дж Ты ведаеш, Госпадзе, што я ахвотна ўпаў бы да ступняў ног Амана, каб выратаваць Ізраэль,
17дз але гэтага я не ўчыніў, каб не падняць славы чалавека вышэй славы Бога майго, і не буду пакланяцца нікому іншаму, але толькі Табе, Госпадзе, Божа мой.
17е І не раблю гэтага ані з пыхі, ані з пажадання славы, Госпадзе. Пакажыся, Госпадзе; аб’явіся, Госпадзе!
17ё І цяпер, Госпадзе Валадару, Божа Абрагама, Божа Ізаака і Божа Якуба, пашкадуй Свой народ, бо ворагі нашыя хочуць знішчыць нас і загубіць Тваю спадчыну.
17ж Не пагарджай спадчынай Тваёй, якую выкупіў Сабе з зямлі Егіпецкай.
17з Выслухай маё маленне і міласцівы будзь да спадчыны Тваёй; і перамяні смутак наш у радасць, каб, будучы пры жыцці, славілі мы імя Тваё, Госпадзе, і каб не закрываў Ты вуснаў, што хваляць Цябе».
17і Таксама ўвесь Ізраэль з усіх сіл сваіх прызываў Госпада, таму што немінучая смерць стаяла перад вачамі яго.
17й Эстэр царыца таксама ўцякала да Госпада, пранятая страхам смерці, бо пагражала яна і ёй.
17к І калі зняла шаты славы, то апранулася ў адзенне жалобнае, і замест духмянасцей пасыпала галаву сваю попелам і цела сваё ўпакорыла дужа, радасныя аздобы замяняючы распушчанымі валасамі і пастамі.
17л І пала на зямлю з паслугачкамі сваімі, і праляжала ад раніцы аж да вечара, молячыся:
17м «Божа Абрагама, і Божа Ізаака, і Божа Якуба, — дабраславёны Ты. Заступіся за мяне, адзінокую і не маючую абаронцы, акрамя Цябе, Госпадзе,
17н бо небяспека ў маёй ёсць руцэ.
17о Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты збярог Ноя ў вадзе патопу.
17п Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Абрагаму з трымастамі васемнаццаццю людзьмі аддаў дзевяць цароў.
17р Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ёну з нутра рыбы вызваліў.
17с Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ананію, Азарыю і Місаэля ад печы вогненнай вызваліў.
17т Я пачула з кніг продкаў маіх, што, Госпадзе, Ты Даніэля з ямы львоў вызваліў.
17у Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты злітаваўся над Эзэхіем, царом юдэяў, на смерць асуджаным, калі ён Цябе аб жыцці прасіў, і Ты яму даў жыцця на пятнаццаць гадоў.
17ў Я пачула з кніг продкаў маіх, Госпадзе, што Ты Ганне, якая прасіла ў жаданні душы, даў нарадзіць сына. Госпадзе, што Ты ўсіх, хто Табе падабаецца, вызваляеш назаўсёды.
17х І цяпер дапамажы мне, адзінокай і не маючай анікога, акрамя Цябе, Госпадзе, Божа мой!
17ц Ты ведаеш, што паслугачка Твая брыдзіцца ложкам неабрэзаных.
17ч Божа, Ты ведаеш, што я не ела са стала ідалаў і не піла віна з ахвяр іх вадкіх.
17ш Ты ведаеш, што ад дня майго перамяшчэння не цешылася я, Госпадзе; адно толькі Табою.
17ы Ты ведаеш, Божа, што ад таго часу, калі нашу ўбор гэты на галаве сваёй, брыджуся ім, як лахманом, які забруджаны кроўю [звычайнага ў жанчын], і не апранаю яго ў шчаслівы час.
17ь І цяпер прыйдзі да мяне, сіраты, і ўкладзі ў вусны мае слова мілае на віду льва ды зрабі мяне прывабнай перад ім; і абярні сэрца яго ў нянавісць да таго, хто нападае на нас, на загубу яму і тым, што спрыяюць яму.
17э А нас вызвалі з рукі нашых ворагаў; перамяні наш плач у радасць і смутак наш — у супакой.
17ю Цікуючых жа на спадчыну Тваю, Божа, пастаў, як узор.
17я Аб’явіся, Госпадзе; пакажыся, Госпадзе!»

Примечания к тексту

8, 17 дапаўненні згодна гебрайскаму арыгіналу, перакладу LXX (Септуагінты).
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эстэр, 4 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.