13а А копія ліста была такая: «Вялікі цар Артаксэркс піша гэта князям і правіцелям ста дваццаці сямі правінцый ад Індыі аж да Этыёпіі, якія падначалены яго ўладзе:
13б “Калі авалодаў я вельмі многімі народамі ды калі падначаліў сваёй уладзе ўвесь свет, зусім не хацеў я карыстацца моцаю ўлады сваёй, але заўсёды справядліва і спагадна дзейнічаў я, спраўляючы сваю ўладу над жыццём падначаленых без аніякага запалохвання і захоўваючы царства мірным і адкрытым аж да межаў яго, каб вярнуць усім смяротным жаданы супакой.
13в Калі пытаўся я ў сваіх дарадчыкаў, як можна гэта спакойна ажыццявіць, адзін з іх, Аман, які адрозніваўся ад іншых разважлівасцю, і добрай воляй, і пастаяннай вернасцю, і займае пасля цара другое месца,
13г выявіў мне, што паміж плямёнаў усяго свету рассеяны адзін народ, варожа настроены, які сваімі законамі працівіцца ўсім народам, не дбае ніколі пра распараджэнні цароў, каб не было згоды між народамі, намі змацаванай.
13д Калі мы пра гэта даведаліся, бачачы, што адзін гэты народ, бунтуючы супраць усіх родаў чалавечых, карыстаецца нясталымі законамі і працівіцца нашым справам, робіць найгоршае і парушае супакой у царстве,
13е дык мы загадалі, каб асобы, якіх вызначыць у лістах Аман, — які з’яўляецца загадчыкам дзяржаўных спраў ды каго мы лічым другім бацькам, — разам з жонкамі і дзецьмі згінулі цалкам ад мечаў супраціўнікаў і каб нікога з іх не пашкадавалі — чатырнаццатага дня дванаццатага месяца Адар гэтага года;
13ё каб тыя людзі, якія ўжо даўно з’яўляюцца ліхімі, у адзін дзень сілаю былі сасланы ў вечную цемру і каб на будучыню забяспечылі нам назаўсёды і цалкам спакой дзяржавы.
13ж Калі ж хто скрые род іх, той не будзе мець жыцця не толькі між людзей, але і між птушак, і будзе спалены святым агнём, і маёмасць яго будзе аддадзена дзяржаве. Бывайце!”»
15а І застоллі справілі ўсе пагане; цар жа і Аман, калі ён увайшоў у царскі палац, з прыяцелямі частаваліся.
15б Дык усюды разыходзілася копія ліста, плач і вялікая жалоба была ва ўсіх юдэяў.
15в Юдэі прызывалі Бога бацькоў сваіх і маліліся:
15г «Госпадзе, Божа, Ты адзіны Бог над намі ў небе, і няма іншага Бога, акрамя Цябе.
15д Калі б бо спаўнялі закон Твой і прыказанні, жылі б бяспечна і спакойна ўвесь час жыцця нашага.
15дж Цяпер жа за тое, што не споўнілі прыказанні Твае, нахлынула на нас уся гэта бяда.
15дз Справядлівы Ты, і міласцівы, і ўзвышні, і магутны, Госпадзе, і ўсе дарогі Твае справядлівыя.
15е Ды цяпер, Госпадзе, не аддавай дзяцей сваіх у няволю, ані жонак нашых на ганьбу і загубу, — Ты, Які быў да нас літасцівым ад Егіпта аж дасюль.
15ё Злітуйся над галоўнай часткай Тваёй і не аддавай на ганьбу Тваю спадчыну, каб ворагі нашы не ўладарылі».
Зноскі:
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Кніга Эстэр, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017