Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ламентацыі, 2 Ламентацыі Ярэміі, 2 глава

1 О, як зацямніў Госпад у гневе Сваім дачку Сіёна! Скінуў з неба на зямлю славу Ізраэля і не прыпомніў падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.
2 Спустошыў Госпад, не пашкадаваў усе выганы Якуба; разваліў у гневе Сваім умацаванні дачкі Юды; скінуў на зямлю і спаганіў валадарства і князёў яго.
3 Зламаў у разгары гневу Свайго усе рогі Ізраэля; адвярнуў ад аблічча ворага правіцу Сваю, а ў Якубе распаліў нібыта полымя агню, які паглынае ўсё навокал.
4 Напяў лук Свой, як непрыяцель, умацаваў руку Сваю, як вораг, і забіў усё, што прыгожым было на віду ў палатцы дачкі Сіёна; выліў, быццам агонь, гнеў Свой.
5 Госпад стаўся як вораг, праглынуў Ізраэля, праглынуў усе пабудовы яго, знішчыў вежы яго ды памножыў у дачкі Юды боль і смутак.
6 І знішчыў сваю агароджу, як сад, палатку Сваю разбурыў. У няпамяць аддаў Госпад на Сіёне ўрачыстасць і шабат і ў запале гневу Свайго пагардзіў царом і святаром.
7 Адпіхнуў Госпад ахвярнік Свой, ухіліў пашану ад святыні Сваёй, аддаў у рукі ворага муры дамоў Сваіх. Паднялі крык у доме Госпадавым, як у дзень урачыстасці.
8 Задумаў Госпад разбурыць муры дачкі Сіёна; выцягнуў вяроўку, не адвярнуў рукі Сваёй ад знішчэння ды ў смутак прывёў; падмурак і мур сумесна заваліліся.
9 Упалі на зямлю і брамы яго, знішчыў і паламаў запоры яго, яго цар і князі ў паганаў, не існуе закон, ды прарокі яго не атрымліваюць аб’яў ад Госпада.
10 Селі моўчкі на зямлі старэйшыя дочкі Сіёна, попелам пасыпалі галовы свае, адзеліся ў зрэбніцы, пахілілі галовы свае да зямлі дзяўчаты ерузалімскія.
11 Змарнелі вочы мае ад слёз, трасецца нутро маё; вылілася на зямлю жоўць мая дзеля гора дачкі «народа Майго», калі памлелі дзіця і немаўля на плошчах горада.
12 У маці сваіх пыталі: «Дзе пшаніца і віно?» Калі самлелі, быццам пакалечаныя, на плошчах горада, калі выпускалі душы свае на грудзях маці сваіх.
13 Каму прымяркую цябе або з кім параўнаю цябе, дачка Ерузаліма? Да каго прыпадобню цябе, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сіёна? Вялікай бо ёсць, як мора, загуба твая; хто цябе вылечыць?
14 Прарокі твае мелі бачанні для цябе пустыя і недарэчныя, не адкрывалі тваю правіннасць, каб змяніць лёс твой, адкрывалі ж яны табе прароцтвы зманныя і зводныя.
15 Пляскалі ў далоні дзеля цябе ўсе праходзячыя дарогай; свісталі ды ківалі галовамі сваімі дзеля дачкі Ерузаліма: «Дык гэта мае быць горад, які называлі цудам прыгажосці, радасцю ўсяго свету?»
16 Раскрылі на цябе вусны свае ўсе твае ворагі; свісталі, скрыгаталі зубамі ды казалі: «Праглынулі мы, вось жа ёсць дзень, якога мы чакалі: дасягнулі яго, бачым».
17 Здзейсніў Госпад, што намеціў; споўніў слова сваё, што прадказваў у днях даўнасці: знішчыў, не пашкадаваў. І парадаваў ворага праз цябе, і павысіў рог ворагаў тваіх.
18 Хай кліча сэрца тваё да Госпада над мурамі дачкі Сіёна; вылівай слёзы, быццам ручай, днём і ноччу, не давай сабе супакою, ды хай не маўчыць зрэнка вока твайго.
19 Паўстань, лямантуй уночы, на пачатку варты ранняй, вылівай, як ваду, сэрца сваё ў прысутнасці Госпада; падымай да Яго рукі свае, за душу дзетак тваіх, якія млелі ад голаду на рагу вуліц усіх.
20 «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, каму ты калі так зрабіў: ці жанчыны маюць есці плод лона свайго — пешчаных рупліва немаўлят? Ці ў святыні Госпадавай мае быць забіты святар ды прарок?
21 Ляжалі на зямлі звонку юнак і старац, мае дзяўчаты і мае юнакі палі ад меча; забіў Ты іх у дзень Свайго гневу, знішчыў іх і не пашкадаваў.
22 Склікаў я, быццам на свята, тых, што трывожылі мяне навокал. Ніхто ў дзень гневу Госпадава не ўцёк, не застаўся ніхто: каго песціў я і гадаваў — вораг Мой знішчыў іх».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ламентацыі Ярэміі, 2 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.