1 Я чалавек, які ведае нядолю сваю ад дубца гневу Яго.
2 Ён мяне падганяў і завёў у цемру, а не ў святло.
3 Толькі на мяне ўвесь дзень звяртаў руку Сваю.
4 Вынішчыў скуру маю і цела маё, сцёр косці мае.
5 Убудаваў у коле маім і акружыў мяне горыччу і мукай.
6 Памясціў мяне ў цемры, быццам мёртвых, на вечнасць.
7 Аббудаваў мяне кругом, каб я не выйшаў, абцяжарыў мае кандалы.
8 Але і калі б я крычаў і прасіў, зацішыў маю малітву.
9 Чатырохкутнымі камянямі закрыў маю дарогу ды перакрыў сцежкі мае.
10 Стаўся Ён для мяне цікуючым мядзведзем і львом у сховішчы.
11 Сцежкі мае паблытаў і разбіў мяне, пакінуў мяне адзінокім.
12 Напяў лук Свой і паставіў мяне як прыцэл для стрэлаў.
13 Упусціў у ныркі мае стрэлы калчана Свайго.
14 Стаўся я на пасмяянне для ўсяго майго народа ды іх песенькай кплівай паўсядзённай.
15 Ён мяне перапоўніў гаркатою, ап’яніў мяне палыном.
16 Паламаў мне на жвіры зубы мае, пагрузіў мяне ў попел.
17 І душа мая пазбылася супакою, забыўся я пра добрае.
18 Дык сказаў: «Прапала дастойнасць мая, ды надзея мая ў Госпадзе.
19 Прыпамяні гора і пілігрымаванне маё — палын і атруту.
20 Памяць памятлівая, і нішчэе ўва мне душа мая.
21 Гэтак разважаць буду ў сэрцы сваім, дзеля таго буду мець надзею».
22 Ласка Госпада, што мы не папрападалі, бо не спынілася Яго літасцівасць.
23 Новая кожнай раніцы, вялікая вернасць твая.
24 «Частка мая — Госпад, — кажа душа мая, — таму і чакаць буду Яго».
25 Добры ёсць Госпад для тых, хто спадзяецца на Яго, для душы, што шукае Яго.
26 Добра ёсць моўчкі чакаць збаўлення Госпадава.
27 Добра чалавеку, калі б нёс ярмо ад сваёй маладосці.
28 Будзе сядзець адзінокі і маўчаць, калі гэта накладзена на яго.
29 Хай усуне вусны свае ў попел, калі яшчэ ёсць надзея.
30 Хай таму, хто б’е, падставіць шчаку, каб той напоўніўся ганьбаю.
31 Не адпіхне бо навечна Госпад.
32 Бо калі нават прынізіў, усё ж пашкадуе паводле мноства міласэрнасці Сваёй.
33 Не ад сэрца паніжае Ён і карае сыноў чалавечых.
34 Таптаць пад нагамі сваімі ўсіх палонных зямлі,
35 крывіць права чалавека на віду Найвышэйшага,
36 ашукваць чалавека на судзе сваім, — ці ж Госпад гэтага не ведае?
37 Хто ж ёсць такі, што сказаў — і сталася? Ці ж Госпад не загадаў?
38 Ці ж з вуснаў Найвышэйшага не выходзяць дабро і зло?
39 Як можа наракаць чалавек, які жыве, кожны за грахі свае?
40 Прасочым за дарогамі сваімі, разгледзім і навернемся да Госпада.
41 Падымем сэрцы нашы разам з рукамі да Госпада ў неба.
42 Мы паводзілі сябе ліха і былі бунтаўнікамі; таму і Ты неперамольны быў.
43 Адзеўся Ты ў гнеў і караў нас, забіваў, не шкадаваў.
44 Пакрыўся Ты хмараю, каб не дайшло маленне.
45 Выдаў нас на выкараненне, як агіду спаміж народаў.
46 Разявілі на нас свае вусны ўсе ворагі нашы.
47 Удзелам нашым сталіся: страх ды яма, знішчэнне ды разруха.
48 Ручаі слёз выпускае вока маё над знішчэннем дачкі «народа Майго».
49 Вока маё вылівае слёзы, не спыняецца, бо няма супакою.
50 Пакуль Госпад не зірне і не пабачыць з нябёсаў,
51 вока маё трывожыць душу маю дзеля ўсіх дачок горада майго.
52 Палявалі на мяне, як на птушку, надарма ворагі мае.
53 Губілі ў балоце жыццё маё ды кідалі ў мяне камяні.
54 Падымаліся воды над галавою маёй, я сказаў: «Прападаю».
55 Прызываў я імя Тваё, Госпадзе, з глыбіні ямы.
56 Чуў Ты мой крык: «Не адварочвай вуха Свайго ад майго плачу і ўмольванняў».
57 Ты наблізіўся ў той дзень, калі прызываў я Цябе, сказаў Ты: «Не бойся!»
58 Разбіраў Ты, Госпадзе, справу душы маёй: адкупіў Ты жыццё маё.
59 Бачыш, Госпадзе, гора маё, судзі справядліва мяне.
60 Ты бачыш усю злосць іх, усе іх намеры адносна мяне.
61 Ты чуеш знявагі іх, Госпадзе, усе іх намеры адносна мяне.
62 Вусны цікуючых на мяне і задумкі іх супраць мяне ўвесь дзень.
63 Зірні на іх сяданні і ўставанні, я — песенька іх.
64 Адгадзі ім, Госпадзе, па ўчынках рук іх.
65 Дай ім закамянеласць сэрца і праклён Твой .
66 Пераследуй іх у гневе і знішчы іх з-пад нябёс Тваіх, Госпадзе!
Ламентацыі Ярэміі, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.