Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Галашэньне 3 Галашэньне 3 раздзел

1 Я муж, што дазнаў гора ад посаха гневу Ягонага.
2 Ён вёў мяне і прывёў да цемрадзі, а не на сьвятліню.
3 Пэўне ад мяне Ён адвярнуўся. Ён абарачае руку сваю на мяне ўвесь дзень.
4 Прычыніў, што цела мае а скура мая знасіліся, патрышчыў косьці мае.
5 Забудаваў мяне й абкружыў жоўцяй а гаротаю.
6 Пасадзіў мяне ў цемнае месца, як даўна памерлага.
7 Агарадзіў мяне, каб я ня вышаў; ацяжарыў мядзяныя путы мае.
8 Таксама, як я крычу й малю, загараджае малітву маю.
9 Агарадзіў дарогі мае часаным каменьням, скрывіў сьцежкі мае.
10 Ён быў імне як мядзьведзь у засадзе, як леў у патайных месцах.
11 Зьвёў мяне з дарогаў маіх і разарваў мяне, спустошыў мяне.
12 Напяў лук свой і пастанавіў мяне за мэту страле.
13 Пусьціў у ныркі мае стрэлы із сагайдака Свайго.
14 Я стаў пасьмехам усяму люду свайму, песьняю іхнаю ўвесь дзень.
15 Напоўніў мяне гарчэляй, насыціў палыном.
16 Пакрышыў зубы мае жвірам, пакачаў мяне ў попеле.
17 І Ты аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся дабра.
18 І сказаў я: «Загінула сіла а спадзева мая ад СПАДАРА».
19 Успомні гора мае а муку маю, палын а жоўць.
20 Помне, помне і ўгбалася ў імне душа мая.
21 Вось, гэта я зварачаю да сэрца свайго, затым маю надзею.
22 Зь міласэрдзя Ягонага мы не загінем, бо жаласьць Ягоная не перастала.
23 Яна аднаўляецца кажнае раніцы; вялікая вернасьць Твая.
24 «СПАДАР дзель мая, — казала душа мая, — затым я маю надзею на Яго».
25 Добры СПАДАР да тых, што спадзяюцца на яго, да душы, што шукае Яго.
26 Добра спадзявацца й маўкліва чакаць спасеньня СПАДАРОВАГА.
27 Добры да чалавека, што носе йго ў маладосьці сваёй;
28 Гэткі сядзіць адзінотна й маўкліва, бо Ён узлажыў на яго;
29 Паложа вусны свае ў пыл, можа быць яшчэ надзея;
30 Падстанове шчаку б’ючаму яго, насычаны паганьбеньням;
31 Бо не пакідае назаўсёды Спадар.
32 А хоць прычыне немарасьць, адлі зжаліцца з множасьці міласэрдзя Свайго;
33 Бо не засмучае ад сэрца Свайго ані немарасьце сыноў людзкіх.
34 Мяжджуліць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
35 Адхінаць права ў людзіны перад відам Навышняга,
36 Адмаўляць людзіне справядлівасьці ў судзе, — хіба Спадар ня бача гэтага?
37 Хто тый, што кажа: «І станецца», што Спадар не расказаў?
38 Ці ня з вуснаў Навышняга паходзе ліха й дабро?
39 Чаму наракае чалавек жывы, людзіна на грахі свае?
40 Скумайма а прабуйма дарогі свае, і зьвярнімася ізноў да СПАДАРА.
41 Узьнясіма сэрца з далонямі сваімі да Бога на нябёсах:
42 Мы выступілі а збунтаваліся, Ты не дараваў.
43 Ты накрыў Сябе гневам і перасьледаваў вас, забіваў і не пажалеў.
44 Ты накрыўся булаком, каб не даходзіла малітва.
45 Ты ўчыніў нас шумецьцям а агідаю сярод людаў.
46 Разявілі на нас раты свае ўсі непрыяцелі нашы.
47 Ляк а пасадка прышлі на нас, спустошаньне а забурэньне.
48 Рэкі вады цякуць із вока майго па загубе дачкі люду майго.
49 Вока мае цурчыць і не перасьціхае, бязупынку,
50 Пакуль СПАДАР гляне і абача зь неба.
51 Вока мае ўзрушае душу маю па ўсіх дачках места майго.
52 Надта ловяць мяне, як птушку, варагі мае бяз прычыны.
53 Кінулі ў яму жыцьцё мае й закідалі мяне каменьням.
54 Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: «Я адцяты».
55 Гукаў імя Тваё, СПАДАРУ, з найніжшае ямы;
56 Ты чуў голас мой: «Не закрывай вуха Свайго ад уздыханьня майго, галашэньня майго».
57 Ты бліжыўся ў дзень, як я прыгукаў Цябе, Ты кажаш: «Ня бойся».
58 Ты, Спадару, прававаўся за справы душы мае, Ты адкупіў жыцьцё мае;
59 Ты, СПАДАРУ, бачыў крыўду маю, судзі справу маю.
60 Ты бачыў усю помсту іхную, усі падумкі супроці мяне.
61 Ты чуў упікі іхныя, СПАДАРУ, усі падумкі іхныя супроці мяне,
62 Вусны тых, што паўсталі на мяне, і іх падумкі супроці мяне ўвесь дзень.
63 Глянь на іх сядаючых і на іх устаючых, я — прыпеўка ім.
64 Адплаці ім заплатаю, СПАДАРУ, подле работы рук іхных.
65 Дай ім смутак сэрца, праклён свой на іх.
66 Перасьлядуй а выгубі іх у гневе з пад нябёс СПАДАРОВЫХ.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Галашэньне Ярэмава, 3 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.