Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 12 Кніга Мудрасці 12 раздзел

1 Несмяротны бо Дух Твой прабывае ва ўсім.
2 І таму тых, хто блукае, лёгка караеш і сварышся, прыпамінаючы, у чым грашаць, каб, пакінуўшы ліхоту, верылі ў Цябе, Госпадзе.
3 Бо іх, даўнейшых жыхароў святой Тваёй зямлі, якіх
4 зненавідзеў за іх ліхія паводзіны: гатаванне зелляў і бязбожныя ахвяры,
5 і бязлітасных забойцаў дзяцей, едакоў вантробаў, чалавечага цела і крыві — кіраўнікоў таемных культаў на сярэдзіне балявання;
6 і бацькоў, мардуючых нявінныя істоты, захацеў Ты вынішчыць рукою нашых прабацькоў,
7 каб дастойнае пасяленне дзяцей Божых атрымала зямля, якая для Цябе найдаражэйшая за ўсё.
8 Але і іх, як людзей, ашчаджаў Ты і паслаў на іх папярэднікамі войска свайго шэршняў, каб іх нішчылі паступова.
9 Бо мог Ты ў баі выдаць бязбожных справядлівым, або драпежнымі звярамі ці бязлітасным прысудам знішчыць;
10 але, памалу караючы, даваў магчымасць навяртання, хоць добра ведаў, што іх племя нягоднае і ліхота іх — прыродная, і што не маглі змяніцца іх намеры ніколі:
11 племя бо гэта праклята ад пачатку. І не са страху перад кімсьці пакінуў Ты іх грахі без кары;
12 хто бо можа Табе сказаць: «Што Ты зрабіў?» Або хто супрацівіцца Твайму прысуду? Або хто Цябе прызаве за гібель народаў, што Ты стварыў? Або хто паўстане супраць Цябе як абаронца ліхіх людзей?
13 Бо, апроч Цябе, няма Бога іншага, Які б апекаваўся над усімі, каб меў Ты даказваць, што не судзіш несправядліва.
14 Табе не зможа супрацівіцца ані цар, ані правіцель адносна тых, каго пакараў Ты.
15 А калі Ты — справядлівы, то валадарыш усім справядліва; дык скараць таго, хто не павінен быць скароны, лічыш за недастойнае Тваёй магутнасці.
16 Магутнасць бо Твая — пачатак справядлівасці, і таму, што Ты Госпад усіх, — усіх Ты шкадуеш.
17 Моц бо паказваеш, калі не вераць, што Ты існуеш, у магутнасці дасканалы, ды караеш тых, хто не прызнае Цябе свядома.
18 А Ты валодаеш магутнасцю, бо судзіш ласкава і кіруеш намі з вялікай спагаднасцю: бо Ты маеш магутнасць, калі захочаш.
19 А навучыў Ты народ Свой такімі дзеяннямі, што справядлівы мусіць быць добрым для людзей, і ўліў Ты сынам Сваім вялікую надзею, што адпускаеш грахі за навяртанне.
20 Калі бо ворагаў слугаў Сваіх і вартых смерці караў Ты з такою асцярогай і спагаднасцю, даючы час і магчымасць, каб маглі яны ад ліхоты адвярнуцца,
21 з якою вялікаю чуласцю судзіў Ты сыноў Сваіх, бацькам якіх даваў Ты прысягу і прымірэнне, поўнае добрых абяцанняў!
22 Дык калі Ты даеш нам настаўленне, ворагаў нашых караеш па-рознаму, каб памяталі мы пра дабрыню Тваю, судзячы, і каб чакалі мы міласэрнасці, калі на нас суд прыйдзе.
23 Адсюль і тых, якія ў дурноце сваёй жылі несправядліва, пакараў за іх уласныя агіднасці.
24 Бо надта доўга блукалі на дарогах аблуды, беручы за багоў тое, што нават сярод звяроў марнае, падманутыя, на ўзор неразумных дзяцей:
25 з-за гэтага, як дзяцей неразумных, аддаў Ты іх на пасмяянне.
26 А тыя, хто не навярнуўся дзеля кпінаў дакорлівых, спазнаюць суд, дастойны Бога;
27 бо у судзе трываючы, яны абураліся, а калі былі пакараныя тыя, каго яны мелі за багоў, — убачылі Таго, Каго перад гэтым ведаць не хацелі, пазналі сапраўднага Бога; дзеля таго і прыйшла на іх заслужаная кара.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 12 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.