Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 17 Кніга Мудрасці 17 раздзел

1 Вялікія бо суды Твае і недаследныя; таму заблукалі душы няўмелыя.
2 Бо пакуль ліхотнікі, перакананыя, што могуць няволіць люд святы, палі, увязненыя цемраю і зняволеныя доўгаю ноччу, уцякаючы перад вечным наканаваннем, схаваўшыся ў дамах;
3 і пакуль яны думаюць, што схаваюцца ў грахах таемных, рассейваюцца яны пад цёмнай заслонай забыцця, дужа ўстрывожаныя і запалоханыя ценямі.
4 Бо і пячора, у якой былі яны, не ўхавала іх ад страху: бо трывожылі іх страшныя гукі вакол іх і з’яўляліся прывіды, маркотныя тварам.
5 Ды нават ніякая сіла агню не магла даць ім святла, ані яснае полымя зорак не магло асвяціць той страшнай ночы.
6 А паказваўся ім толькі нечаканы агонь, поўны жаху, і яны, напалоханыя страхам з-за таго бачання, што з’яўлялася, за горшае лічылі тое, на што глядзелі;
7 і чараўніцтва было аддадзена на пасмяянне, і на мудрасць славы прыйшла вымова з ганьбаю.
8 Бо тыя, што абяцалі пазбавіць душу, якая церпіць, ад жаху і непакою, самі са страхам, вартым кпінаў, хварэлі.
9 Бо хоць нішто жахлівае іх не страшыла, баяліся тупату жывёлы і сыкання гадзін, млелі ад страху, не хочучы нават глянуць у паветра, якога ніякім чынам нельга ўсцерагчыся.
10 Бо сведчыць аб сваім уласным страху правіннасць, калі асуджаецца, заўсёды ж памнажае цяжкасці яна, устрывожаная сумленнем.
11 Страх бо ёсць не што іншае, як адмова дапамогі з боку розуму;
12 і чым меншае ёсць унутры чаканне дапамогі, тым большым лічыцца няведанне яго прычыны, што прыносіць пакуты.
13 А іх, якія ў гэту ноч, сапраўды безуладную і з пячораў безуладнай цемры надыходзячую, заснулі звычайным сном,
14 калісьці трывожылі пачвары прывідаў; калісьці заняпадам душы аслабляліся: паў бо на іх страх раптоўны і нечаканы.
15 І так, калі падаў кожны там, дзе знаходзіўся, пільнавалі яго, запёртага ў астрозе без кратаў.
16 Бо ці гэта быў земляроб, ці пастух, ці работнік, працуючы на полі, — паддаваўся ён непазбежнай долі: усіх іх звязваў адзін ланцуг цемры.
17 Ці гэта вецер свісцячы, ці мілы спеў птушак між густых галін дрэў, ці шум вады, хутка цякучай, ці гэта гармідар скал, якія абрушваюцца,
18 ці гэта нябачны бег гуляючых жывёлін, ці гэта грозны рык звяроў надта страшных, ці гэта рэха, што адбіваецца ад горнай цясніны, — абяссільвала іх і палохала.
19 Увесь бо свет быў заліты яркім святлом і аддаваўся працы без перашкоды;
20 толькі над імі аднымі распасцёрлася цяжкая ноч, выява цемры, якая мела іх ахапіць: такім чынам, самі для сябе былі большаю цяжкасцю, чым цемра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 17 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.